Дэпутат ад Сацыялістычнай левай партыі Нарвегіі Пэтэр Эйдэ намінаваў на прэстыжную ўзнагароду скандальна вядомага экс-працаўніка Агенцтва нацыянальнай бяспекі (АНБ) ЗША Эдварда Сноўдэна, які цяпер жыве ў Расеі.
Палітык таксама вылучыў на прэмію міру журналістку расейскага выдання «Новая газета» Алену Мілашыну, заснавальніцу праваабарончага цэнтру «Мемарыял» Святлану Ганнушкіну і прадстаўніцу расейскай праваабарончай групы «Камітэт па перадухіленні катаванняў» Вольгу Садоўскую.
Дэпутаты Сацыялістычнай левай партыі таксама намінавалі Еўрапейскі суд па правах чалавека, Упраўленне Вярхоўнага камісара ААН па справах бежанцаў, а таксама сірыйскую няўрадавую арганізацыю «Белыя каскі».
Дэпутат нарвежскага парламента ад Партыі прагрэсу Хіманшу Гулаці вылучыў на прэмію міру курдскія ваенізаваныя фармаванні «пешмерга» (курд. Pêşmerge).
31 студзеня – апошні дзень, калі прымаюцца намінацыі на Нобэлеўскую прэмію міру 2018 года, лаўрэата якой абвесцяць у кастрычніку.
У апошнія гады на прэмію штогод вылучаюць ад 200 да 400 чалавек і арганізацыяў. Вылучаць намінантаў могуць былыя і дзейсныя члены Нарвежскага нобэлеўскага камітэту і ягоныя кансультанты, лаўрэаты прэміі міру папярэдніх гадоў, члены нацыянальных парламентаў і ўніверсітэцкія прафесары.
ЮВ, belsat.eu, паводле novayagazeta.ru