«Снегу горы настралялі». Лукашэнка пакатаўся на лыжах у Раўбічах


Лукашэнка на лыжах у Раўбічах.
Фота: t.me/pul_1

Кіраўнік Беларусі 16 лютага азнаёміўся з падрыхтоўкай рэспубліканскага цэнтру па зімовых відах спорту «Раўбічы» да чэмпіянату Еўропы па біятлоне. Пра гэта паведамляе БелТА.

Аляксандр Лукашэнка асабіста разам з камандай апрабаваў трасу. Паводле яго, з улікам умоваў надвор’я «трэба аддаць належнае» тым, хто здолеў «нарыхтаваць горы снегу, выкласці трасу».

Кіраўнік краіны адзначыў, што вельмі хвалюецца за падрыхтоўку трасы.

«Сёння я вырашыў нечакана сваё трэнаванне перанесці сюды і паглядзець. Вядома, траса разбітая, цяпер ужо нуль (градусаў. – Рэд. Belsat.eu). Таму цяжкавата, асабліва для аматараў. А спартоўцы трэнуюцца нармальна. Мы зробім трасу. Снегу вунь, бачыце, горы настралялі», – заявіў Лукашэнка.

Ён дадаў, што калі дажджу не будзе, чэмпіянат Еўропы і этап Кубка пройдуць годна.

Лукашэнка з чыноўнікамі на лыжах у Раўбічах.
Фота: t.me/pul_1

Чэмпіянат Еўропы ў біятлоне-2020 быў перанесены ў «Раўбічы» праз цёплае надвор’е ў Эстоніі. Міністэрства спорту і турызму Беларусі ды РЦАП «Раўбічы» заявілі пра гатовасць прыняць форум. Турнір стартуе 26 лютага.

Таксама ў спарткомплексе з 4 па 7 сакавіка пройдзе этап Кубка IBU.

МГ belsat.eu

Стужка навінаў