СНБ Украіны: Памочнік Пуціна Суркоў мог кіраваць снайперамі на Майдане


СБУ мае доказы датычнасці да масавых расстрэлаў на Майдане не толькі былога ўкраінскага, але і расейскага кіраўніцтва. Кіраўнік СБУ Валянцін Налівайчанка заявіў пра гэта ў эфіры праграмы «Права на ўладу» украінскага тэлеканалу 1+1. Таксама паводле Налівайчанкі, Расея перашкаджае расследаванні забойстваў у Кіеве зімой 2013-2014 года.

Ён падкрэсліў, што праваахоўнікі маюць дакументальнае пацвярджэнне супрацьпраўнай дзейнасці супрацоўнікаў ФСБ ва Украіне.

«У рамках гэтай справы ёсць пасады, прозвішчы, копіі пашпартоў, даты іх ўезду-выезду, якой сувяззю яны карысталіся, у якіх памяшканнях знаходзіліся, як дарадца прэзідэнта Пуціна Суркоў імі кіраваў у Кіеве».

Акрамя таго, вялікая колькасць праваахоўнікаў і супрацоўнікаў СБУ апынуліся здраднікамі, працавалі на замежныя спецслужбы і зараз хаваюцца ў Расеі пад прыкрыццём ФСБ. Паводле дадзеных, больш ста былых афіцэраў СБУ дзейнічалі пра ўдзеле з расейскімі спецслужбамі.

На дадзены момант у сувязі з дачыненнем да злачынстваў на Майдане затрыманыя былы кіраўнік контрразведкі і яшчэ чацвёра высокапастаўленых афіцэраў СБУ.

Падчас Рэвалюцыі вартасці на Майдане Незалежнасці загінулі больш за сто чалавек, у тым ліку гамяльчук Міхаіл Жызнеўскі, які загінуў ад кулі снайпера 22 студзеня. Сёння ў Кіеве пройдуць мерапрыемствы памяці Герояў Нябеснай сотні і гадавіны Майдана з удзелам Пятра Парашэнкі.

ДР, belsat.eu паводле pravda.ua, segodnya.ua

Стужка навінаў