Смяротны двубой Алеся Дудара


Алесь Дудар – беларускі паэт, якому сёння спаўняецца 115 гадоў – адна з самых трагічных постацей на нашым культурніцкім літаратурным полі, і не толькі з-за таго, што загінуў пад час сталінскага тэрору.

Ён вельмі хацеў быць адным з лідараў айчыннай паэзіі 20-х гадоў – і нічога не мог зрабіць, каб пазбыцца творчага пераймальніцтва – знаходзіўся пад уплывам такіх узаемавыключальных паэтаў, як, эстэт Максім Багдановіч і зорка пралетарскага рыфмаплётства Андрэй Александровіч.

Марыў сказаць новае слова ў прозе (выдаў зборнік апавяданняў «Марсэльеза», 1927 г.), але і тут быў хутчэй «майстрам школы Міхася Зарэцкага», чым самастойным празаікам.

Алесь Дудар, фота 1925 г.

Жадаў (на гэты раз – уплыў Цішкі Гартнага) стаць беларускім Бялінскім, напісаўшы пад псеўданімам Тодар Глыбоцкі кнігу крытыкі «Пра нашы літаратурныя справы» (1928 г.), але празмерная тэндэнцыйнасць некаторых артыкулаў набліжала яго да такіх «далакопаў беларускай літаратуры», як Лукаш Бэндэ і Алесь Кучар.

Шмат перакладаў. Быў першым, хто пералажыў на беларускую мову раман у вершах «Яўген Анегін», але гэтая ўнікальная праца патанае ў ценю аналагічнага (бліскучага!) перакладу Аркадзя Куляшова.

Хацеў быць не толькі вялікім творцам, але і сапраўдным героем у рэальным жыцці. У 1928 годзе складае антысавецкі верш «Пасеклі край наш папалам…» (і тут, ізноў жа адзначым, што робіць гэта пасля таго, як Уладзімер Дубоўка складае сваё апазіцыйнае савецкаму ладу вершаванае выказванне «За ўсе краі…»). Але ж, але… Праз тры гады, пасля таго як Дудар вярнуўся з высылкі (якая зберагла яго, дарэчы, ад першай хвалі рэпрэсій у 1930-м), пасля таго, як убачыў, што большая палова літаратурных таварышаў была арыштавана, дык страх паўтарыць іх лёс прымушае скласці балючы і пакаяльны верш «Ліст рэдактару».

Тады, магчыма, Алесь Дудар і няварты таго, каб пра яго згадвалі, бо нічым насамрэч не вызначыўся ў беларускай літаратуры?

Калі ацэньваць яго з пазіцыі галівудскай казкі, з рэзкім падзелам на чорнае і белае, калі прыгадаць, што сам Якуб Колас называў Дудара «малацэнным хлопцам», то можна пагадзіцца.

Не заўсёды дасканалая паэзія, проза, крытыка і эсэістыка Алеся Дудара, дзе можна знаходзіць самыя розныя недахопы, тым не менш вартая ўвагі. І не толькі для вузкага кола літаратурных даследчыкаў.

Ужо самі яго хаатычныя і пакутлівыя творчыя хістанні, канвульсіўныя пошукі ўласнага стылю, голасу – ствараюць тую неабходную напругу, якая робіць напісанае ім дастаткова цікавым для прачытання.

Алесь Дудар быў расстраляны ў 1937 годзе ў турме на Валадарскага ў Менску. Месца пахавання ўсцяж не вядома.
Фота: Ірына Арахоўская / «Белсат»

У паэзіі Алеся Дудара можна знайсці сапраўдныя дыяменты, сабраныя ў кніжках «Сонечнымі сцежкамі» (1925 г.), «…І залацісьцей, і сталёвей…» (1926 г.). Перачытваеш гэтыя зборнікі і дзівішся, як пасля цэлай серыі крыкліва-нязграбных, часам пазбаўленых сэнсу, бездапаможных рыфмаванак, Алесь Дудар ператвараецца ў паэта строга класіцыстычнага кшталту, у творчасці якога пануе гармонія, дасканаласць рытму і рыфмы.

Чаго, напрыклад, варты пачатак дзівоснага верша «Dies irae, dies illa..».:

Рым і Эляда заснулі ў палёце гадоў і стагодзьдзяў.

Мохам спавіты Акрополь руінаю стаў Капітолі.

Мірна гандлююць алівай патомкі Гомэраў і Брутаў

Альбо гэты па-балетнаму гнуткі твор:

За мастом разышліся вілаватыя сьцежкі,

разышліся дарогі…

І трава пры дарозе, і дзірван на ўзьмежках,

І туман крутарогі.

Не прайсьці, не праехаць і назад не вярнуцца

праз бары, дзе бярозы верхавінамі гнуцца –

разышліся дарогі….

(з цыклю вершаў «Скрыжалі»)

Тут выдатна адлюстроўваецца ўнутраны стан Алеся Дудара. Ён, як быццам, і сапраўды знаходзіўся бы ў нейкім тумане, ніяк не мог намацаць уласнай сцяжыны. Любая, як здаецца, ўдала знойдзеная дарога, раздвойвалася, блыталася, завабліва яго ў апраметную хаоса.

Алесь Дудар

Кароткі класіцыстычны перыяд Алеся Дудара (1925/26 гг.) – гэта хоць нейкая спроба захавацца, затрымацца, засяродзіцца на нечым важным, істотным.

Алесь Дудар ратаваўся Максімам Багдановічам.

Магчыма, хацеў быць да яго падобным. Відавочна, не забываў, што сучаснікі ставіліся да аўтара «Вянка», як да белай вароны і, вядома ж, праводзіў з сабой паралелі, бо неаднаразова пісаў пра сябе, як пра незразумелага грамадствам паэта:

Можа кожны камень заіскрыцца.

Будуць дзеці ад мяне ўцякаць.

Завядуць мяне людзі ў зьвярынец

і напішуць:

«РУКАМІ НЕ ЧАПАЦЬ!»

(з верша «Трыумф»)

Савецкая рэчаіснасць, як звярынец, дзе цяжка і нават немагчыма захаваць да канца сваё творчае «я», дзе няма выразных правілаў гульні – бадай, што так успрымаў Алесь Дудар той час у Якім жыў – адсюль і балючы разлад, здзіўляльная эклектыка, якой прасякнута яго неадназначная творчасць.

Ён, чалавек вялікай культуры (ведаў некалькі моваў, валодаў энцыклапедыячнымі ведамі, сабраў выдатную бібліятэку) меў усе дадзеныя, каб стаць другім Максімам Багдановічам, але без дастатковай цвёрдасці характару і волі, паддаваўся ўплывам, не ўмеў засяродзіцца на нечым адным, неаднаразова быў пакладзены на лапаткі тым харсам, які панаваў вакол яго, але ж і знаходзіў сілы кожны раз падымацца наноў, дзеля новага двубою.

Сяргей Піліпчэня belsat.eu

Стужка навінаў