СМІ: ЗША рыхтуюць санкцыі супраць Турцыі


У прэзідэнта ЗША Доналда Трампа вызначыліся з пакетам санкцый, якія павінны быць прынятыя ў дачыненні да Турцыі за тое, што яна пачала атрымліваць у рамках кантракту з Расеяй камплектуючыя для зенітных ракетных сістэм С-400. Пра гэта піша Bloomberg са спасылкай на ўласныя крыніцы.

Пра санкцыі супраць Анкары, паводле інфармацыі суразмоўцаў агенцтва, будзе абвешчана ўжо ў бліжэйшыя дні. Амерыканскія ўлады выбіралі з трох магчымых варыянтаў захадаў, якія мелі розныя ступені ўздзеяння.

Які менавіта пакет абмежаванняў у выніку вырашылі прыняць у адміністрацыі ЗША, крыніцы не ўдакладнілі, заўважыўшы аднак, што ўсе санкцыі былі распрацаваны ў рамках закона CAATSA ( «Аб супрацьдзеянні нядобразычліўцам Амерыкі праз санкцыі»). Дакумент прадугледжвае абмежаванні ў дачыненні да краін-контрагентаў, якія закупляюць вайсковую тэхніку ў кампаніяў, якія ўжо знаходзяцца ў амерыканскім чорным спісе.

Чакаецца, што пра абмежаванні супраць Анкары Вашынгтон абвесціць ужо напрыканцы наступнага тыдня.

Паўзу ў гэтым пытанні (пастаўкі камплектуючых С-400 пачаліся яшчэ 12 ліпеня) суразмоўца агенцтва патлумачыў тым, што ЗША хочуць перачакаць гадавіну спробы дзяржаўнага перавароту ў Турцыі ў 2016 годзе (яна будзе адзначацца ў ноч з 15-га на 16 ліпеня). Такім чынам амерыканскія ўлады спадзяюцца не дапусціць далейшых здагадак пра тое, што за путчам 2016-га стаялі Злучаныя Штаты (а гэта сцвярджаюць прыхільнікі Эрдагана).

Афіцыйных каментароў з гэтай нагоды СМІ пакуль не маюць.

Кампаненты для расейскіх ЗРК С-400 Турцыя пачала атрымліваць у пятніцу, 12 ліпеня. У ЗША лічаць, што гэтая здзелка ставіць пад пагрозу самую дарагую зброевую праграму Пентагона, якая датычыць вытворчасці знішчальнікаў F-35. Дзярждэп раней папярэджваў Турцыю пра магчымыя наступствы. Пра несумяшчальнасць С-400 і краінаў НАТА казалі і прадстаўнікі Паўночнаатлантычнага альянсу.

КА belsat.eu, паводле rbc.ru

Глядзі таксама
Каментары