СМІ: У Беларусі затрымалі гендырэктара расейскага заводу


У Менску арыштаваны генеральны дырэктар расейска-беларускага прадпрыемства «Брансксельмаш» Валерый Сулееў, паведамляюць расейскія СМІ са спасылкай на ананімныя крыніцы.

Як сцвярджае bryansktoday.ru, Валерый Сулееў 30 чэрвеня з’ехаў у Беларусь і перастаў выходзіць на сувязь. Арышт быў праведзены нібыта па ўказанні віцэ-прэмʼера Беларусі Уладзіміра Сямашкі, піша выданне.

«Брансксельмаш» створаны ў жніўні 2005 года як сумеснае прадпрыемства «Гомсельмаша» і «Брансксельгасмаша». Асноўныя віды дзейнасці – вытворчасць і рэалізацыя сельскагаспадарчай тэхнікі і запасных частак да яе, а таксама гарантыйнае і сэрвіснае абслугоўванне сваёй прадукцыі.

Нельга выключаць, што затрыманне Сулеева звязанае з крымінальнай справаю ў дачыненні да кіраўніцтва аднаго з прадпрыемстваў канцэрну «Гомсельмаш» – ААТ «Гомельскі завод ліцця і нармалей». Згодна з матэрыяламі крымінальнай справы, намеснік генеральнага дырэктара заводу сумесна з начальнікам аддзела арганізаваў закупку ў аднаго з пастаянных пастаўшчыкоў камплектуючых для патрэбаў заводу. За спрыяльнае вырашэнне пытання гендырэктар прадпрыемства-пастаўшчыка перадаў ім у якасці хабару 1 мільён расейскіх рублёў (амаль 16 тыс. USD).

«У выніку правядзення аператыўна-вышуковых дзеянняў фігуранты крымінальнай справы, у тым ліку хабарадавальнік, затрыманыя праваахоўнікамі з доказамі злачынства. Падазраваныя ўзятыя пад варту. Рыхтуюцца матэрыялы для прадʼяўлення ім абвінавачванняў», – паведаміў Следчы камітэт Беларусі 6 ліпеня.

Афіцыйна затрыманне Сулеева беларускія праваахоўнікі пакуль не пацвердзілі.

ІІ, belsat.eu

Стужка навінаў