СМІ: Следства ўбачыла ў дзеяннях бацькі сёстраў Хачатуран сексуальны гвалт і катаванні


Следчы камітэт Расеі вылучыў у асобную вытворчасць са справы сёстраў Хачатуран матэрыялы ў дачыненні да іхнага бацькі, у дзеяннях якога знайшлі прыкметы катавання, гвалтоўныя дзеянні сексуальнага характару і прымус да дзеянняў сексуальнага характару.

Пра гэта піша шэраг расейскіх федэральных СМІ, у тым ліку «Интерфакс» са спасылкаю на ўласную абазнаную крыніцу.

«Следства вылучыла ў асобную вытворчасць матэрыялы ў дачыненні да Міхаіла Хачатурана па факце здзяйснення ім злачынстваў у дачыненні да сваіх дачок», – сказаў суразмоўца агенцтва.

Ён дадаў, што «на думку следства, дзеянні Хачатурана павінны быць кваліфікаваныя паводле артыкулу 117, 132, 133 КК РФ (катаванні, гвалтоўныя дзеянні сексуальнага характару, прымусу да дзеянняў сексуальнага характару)».

Афіцыйных каментароў з боку СКР пакуль няма.

***

Справка
Сясцёр Хачатуран 17, 18 і 19 гадоў затрымалі 27 ліпеня 2018 году ў Маскве пасля забойства іх бацькі. Яны прызналі сваю віну, але паведамілі, што шмат гадоў падвяргаліся збіццю і сексуальнаму гвалту з боку 57-гадовага Міхаіла Хачатурана. Марыі, Крысціне і Ангеліне прад’явілі абвінавачанне ў забойстве, учыненым групай асоб па папярэдняй змове або арганізаванай групай (артыкул 105 ч.2 п.Ж). Ім пагражае пазбаўленне волі да 20 гадоў.

Дзяўчыны прызналіся ў забойстве і распавялі, што бацька доўгія гады здзекаваўся над імі. Паводле іх словаў, ён не пускаў іх вучыцца, а дома ў яго быў склад зброі, якім ён увесь час пагражаў. Абарона дзяўчын таксама настойвае на тым, што забойства было здзейснена дачкамі ў адказ на сістэматычны маральна-фізічны гвалт з боку бацькі, у тым ліку сексуальнага характару.

Басманны суд Масквы 27 верасня 2018 года па хадайніцтве следства вызваліў сёстраў з-пад варты, змяніўшы ім меру стрымання на забарону пэўных дзеянняў.

Фотарэпартаж
«Мы – сёстры Хачатуран». У Берліне прайшоў мітынг ля амбасады Расеі
2019.06.21 20:27

КА belsat.eu

Стужка навінаў