Самалёт «Белавія» пры пасадцы ў Кіеве сышоў з паласы (дадалося відэа, абнаўляецца)


Паводле відавочцаў, самалёт «Белавіа» у кіеўскім аэрапорце «Барыспаль» сышоў з паласы пры пасадцы. У «Белавіа» удакладняюць: пярэдняе шасі паветранага судна толькі часткова закранула грунт і ніхто з пасажыраў не пацярпеў.

У СМІ трапілі фотаздымкі экстранай эвакуацыі пасажыраў з самалёта.

Фота – ТСН

У сацыяльных сетках з’явілася таксама відэа, знятае адным з пасажыраў самалёту.

https://www.instagram.com/p/Bc_yro4gwm-/

У «Белавіа» спачатку зняпраўдзілі інфармацыю пра тое, што самалёт сышоў з паласы.

«Самалёт не сыходзіў з паласы. Пасадка прайшла ў штатным рэжыме», – паведамілі belsat.eu ў прэс-службе «Белавіа».

Прадстаўнік авіякампаніі дадала, што цяпер высвятляецца, з чым звязанае з’яўленне ў СМІ інфармацыі аб надзвычайным інцыдэнце ў Барыспале.

Пазней «Белавія» апублікавала разгорнуты каментар у сувязі з інцыдэнтам у Кіеве, дзе самалёт авіякампаніі сышоў з паласы.

«Пасадка паветранага судна, якое выконвала рэйс В2 842 па маршруце Менск – Кіеў (аэрапорт «Барыспаль») 22 снежня 2017 года, прайшла ў штатным рэжыме. Пасля пасадкі самалёта, падчас рулення і сыходу з узлётна-пасадачнай паласы на рулёжную дарожку пярэдняе шасі паветранага судна часткова закранула грунт, у сувязі з чым камандзір экіпажу прыняў рашэнне спыніць рух», –патлумачылі ў «Белавія».

У авіякампаніі паведамляюць, што пасажыры былі дастаўлены ў тэрмінал на аўтобусах для атрымання багажу і праходжання пагранічнага і мытнага кантролю.

«Ніхто з пасажыраў і членаў экіпажа не пацярпеў. На дадзены момант за пасажырамі адпраўлены рэзервовы борт. Чаканы час вылета з Кіева ў Менск запланаваны на 15.40», – гаворыцца ў паведамленні «Белавія».

Паводле неафіцыйнай інфармацыі, на борце самалёту знаходзіўся лідар забароненай ва Украіне Камуністычнай партыі Пятро Сіманенка.

 

ІІ, belsat.eu

Стужка навінаў