СМІ: Пуцінскія «боты» актыўна рэтвіцілі запісы Трампа падчас прэзідэнцкай кампаніі


Расейскамоўныя «боты» каля 470 тысяч разоў рэпосцілі паведамленні Доналда Трампа ў Twitter у часе прэзідэнцкай кампаніі – з 1 верасня па 15 лістапада 2016 года.

Пра гэта гаворыцца ў паказаннях супрацоўнікаў сацсеткі, прадстаўленых Кангрэсу ЗША па справе аб расейскім умяшальніцтве ў выбары, піша Bloomberg.

Такія рэпосты складаюць каля 4% ад агульнай колькасці рэтвітаў, якія сабралі запісы Трампа ў сацсетцы.

Адзначаецца, што паведамленні ад канкурэнта Трампа Хілары Клінтан, якія таксама рэпосцілі расейскія «боты», сабралі толькі 50 тысяч рэтвітаў ад акаўнтаў, звязаных з РФ.

Twitter таксама высветліў, што ад 48 да 73% рэтвітаў запісаў WikiLeaks за гэты ж перыяд прыпадаюць на звязаныя з Расеяй акаўнты. Вloomberg нагадвае, што ў гэты час кампанія апублікавала электронныя лісты са ўзламаных сервераў Дэмакратычнай партыі ЗША.

Акрамя таго, у ходзе выбарчай кампаніі ў ЗША ў 2016 годзе расейскія «тролі» стварылі ў сацыяльнай сетцы Facebook 129 падзеяў, датычных выбараў.

КА, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары