СМІ: Пуцін прапанаваў Трампу правесці на Данбасе рэферэндум


Вайна на Данбасе, 2014 год. Фота © Sergii Kharchenko/NurPhoto/ZUMA Wire)

Падчас сустрэчы ў Хельсінкі прэзідэнт РФ Уладзімір Пуцін прапанаваў прэзідэнту ЗША Доналду Трампу правесці рэферэндум аб статусе падкантрольных сепаратыстам «ДНР» і «ЛНР» тэрыторыяў пад наглядам міжнародных арганізацыяў.

Пра гэта паведамляе Bloomberg са спасылкаю на ананімныя крыніцы сярод расейскіх дыпламатаў.

Расейскі лідар зрабіў такую прапанову ў якасці варыянта ўрэгулявання канфлікту на ўсходзе Украіны. Пуцін і Трамп пры гэтым дамовіліся пакуль публічна не каментаваць гэтую ідэю.

Прэс-сакратар прэзідэнта РФ Дзмітрый Пяскоў не пацвердзіў і не зняпраўдзіў гэтую інфармацыю, адзначыўшы толькі, што на сустрэчы абмяркоўваліся «некаторыя новыя ідэі», якія «будуць прапрацоўвацца».

Нагадаем, у траўні 2014 года баевікі «ДНР» і «ЛНР» ужо праводзілі над падкантрольных ім тэрыторыях рэферэндум аб суверэнітэце і ўступленні ў Расею. Украіна, краіны Захаду і ўсе міжнародныя арганізацыі расцанілі рэферэндум нелегітымным. Расея, хоць і заявіла пра павагу вынікаў рэферэндуму, дэ-факта яго таксама не прызнала.

ІІ, belsat.eu, паводле Bloomberg

Глядзі таксама
Каментары