СМІ: Платніцкі ўцёк з Луганску ў Расею


Журналісты паведамляюць, што картэж Платніцкага пакінуў тэрыторыю ЛНР.

Аўтамабільны картэж, у якім знаходзяцца Ігар Платніцкі, кіраўнік ягонай адміністрацыі Ірына Тэйцман, старшыня ГТРК ЛНР Анастасія Шуркаева і шэраг іншых асоб, выехаў з тэрыторыі акупаванага Луганска ў Расею.

Пры гэтым адміністрацыйныя будынкі ў Луганску да цяперашняга часу аточаныя ўзброенымі людзьмі, сярод якіх, верагодна, супрацоўнікі МУС ЛНР і «міністэрства дзяржбяспекі» суседняй ДНР перадае «Новая газета».

Раней народны дэпутат Антон Герашчанка паведаміў, што 21 лістапада ў Луганску разгарэўся канфлікт паміж верхаводамі баевікоў ЛНР Ігарам Платніцкім і Ігарам Карнетам, а да супрацьстаяння былі прыцягнутыя баевікі кіраўніка ДНР Аляксандра Захарчанка і ФСБ РФ.

Пазней у Спецыяльнай маніторынгавай місіі АБСЕ заявілі аб наяўнасці аўтамабіляў ваеннага тыпу і прысутнасці ўзброеных людзей, перакрылі частку вуліцы Кацюбінскага ў Луганску вакол будынку, дзе раней размяшчалася абласное ўпраўленне МУС Украіны.

Прэзідэнт Украіны Пётр Парашэнка ў сувязі з абвастрэннем сітуацыі ў Луганску склікаў пазачарговае паседжанне Ваеннага кабінета Савета нацыянальнай бяспекі і абароны Украіны, падчас якога заявіў, што Ўзброеныя сілы Украіны гатовыя да любога развіцця падзей для забеспячэння бяспекі мірнага насельніцтва.

КА, belsat.eu

Стужка навінаў