СМІ: МУС і пракуратура распачалі праверку па справе журналіста Івана Галунова


Служба ўласнай бяспекі МУС Расеі і пракуратура распачалі праверку па справе журналіста «Медузы» Івана Галунова. Пра гэта паведаміла намесніца кіраўніка Грамадскай назіральнай камісіі Ева Меркачева, піша «РИА Новости».

«Тое, што праверка пачалася, нам казалі. І служба ўласнай бяспекі МУС, і пракуратура будуць працаваць рука аб руку, але вынікаў мы яшчэ не бачылі, магчыма, прайшло мала часу», – распавяла Меркачева.

Пры гэтым яна дадала, што не здзівіцца, калі ў паліцыі пакажуць на свае памылкі.

«Я, шчыра кажучы, не ўяўляю, як яны будуць даказваць гэта ў судзе. Наагул не ўяўляю, які матэрыял яны дадуць у суд… Журналіст займаўся расследаваннямі, рабіў гэта глыбока і сур’ёзна. Адначасова прытаргоўвае наркотыкамі? Я не веру », – сказала на заканчэнне Меркачева.

Самі праваахоўнікі пра праверку публічна нічога не заяўлялі.

  • Журналіста-расследавальніка «Медузы» Івана Галунова затрымалі 6 чэрвеня а 14:30 недалёка ад метро «Каляровы бульвар» у Маскве, калі ён ішоў на сустрэчу з крыніцай. Карэспандэнта спынілі некалькі аператыўнікаў, пры даглядзе яны знайшлі ў яго заплечніку скрутак з наркотыкамі. Яшчэ адзін скрутак пазней выявілі пры ператрусы ў кватэры. Галуноў не прызнае віну і кажа, што наркотыкі яму падкінулі. 8 чэрвеня суд пастанавіў змясціць журналіста пад хатні арышт.
  • Затрыманне журналіста выклікала хвалю абурэння ў расейскім грамадстве і за мяжой. Калегі перакананыя, што Галунова пераследуюць праз ягоную журналісцкую дзейнасць і насамрэч ён невінаваты. У Маскве 7 чэрвеня прайшлі пікеты на знак пратэсту супраць затрымання журналіста «Медузы».
Hавiны
Белсатаўцы салідарныя з Іванам Галуновым
2019.06.10 13:23

ІІ belsat.eu

Стужка навінаў