СМІ: «Ісламская дзяржава» планавала два тэракты ў Маскве, адзін з іх – ля штаб-кватэры ГРУ


Баевікі, звязаныя з тэрарыстычнай арганізацыяй «Ісламская дзяржава», збіраліся зладзіць у Маскве два тэракты, паведамляе расейская газета «Коммерсант» са спасылкай на ўласныя крыніцы.

Тэрарысты нібыта планавалі падарваць вайскоўцаў у штаб-кватэры ГРУ на Харашэўскай шашы, а таксама пасажыраў чыгункі. За падрыхтоўкай выбухаў, паводле крыніцаў выдання, стаяў адзін з лідараў «Ісламскай дзяржавы» Таджыдзін Назараў (Абу-Усама Наракі). Абодва тэракты перадухілілі працаўнікі ФСБ, якія затрымалі падазраваных. Афіцыйна інфармацыя аб падрыхтоўцы тэракту ля штаб-кватэры ГРУ ніяк не пацверджана.

Паводле звестак выдання, тэракт у штаб-кватэры ГРУ збіралася зладзіць групоўка, якую ў 2016 годзе стварыў рабочы-будаўнік з Таджыкістана Мусалім Бабаеў. Удзельнікі групы збіраліся ўступіць у шэрагі ІД у Сірыі, а, каб «гучна заявіць пра сябе», вырашылі зладзіць тэракт.

ФСБ сачыла за групай з моманту яе фармавання, але, калі ў верасні 2016 года баевікі сталі збіраць бомбу, іх затрымалі. На папярэднім следзтве затрыманыя далі паказанні і пакаяліся. 1 лютага 2019 года ў ФСБ паведамілі, што суд пакараў удзельнікаў групоўкі тэрмінамі зняволення ад 14 да 19 гадоў за падрыхтоўку тэрактаў у Маскве. Пры гэтым тады ў ФСБ не раскрывалі, якія тэракты рыхтавалі асуджаныя. Адзін з фігурантаў гэтай справы раней казаў, што падчас расследавання супраць яго ўжывалі катаванні.

Пасля першай няўдачы Абу-Усама Наракі сфармаваў у Маскве яшчэ адну дыверсійную брыгаду «Ісламскай дзяржавы», у якую ўвайшлі ўраджэнцы Таджыкістана, паведамляе газета. Яны атрымалі ад Наракі два аўтаматы АК-47, патроны і гранаты. Тэрарысты збіраліся зладзіць 12 снежня 2016 года, у Дзень Канстытуцыі, два выбухі – адзін на Маскоўскім цэнтральным кальцы, іншы ў гандлёвым цэнтры «Эдельвейс» у Падмаскоўі. ФСБ затрымала падазраваных напярэдадні, калі ў іх ужо была гатовая бомба. Падазраваных прысудзілі да розных тэрмінаў ад 11 да 15 гадоў пазбаўлення волі.

Абу-Усама Наракі, як адзначае «Коммерсант», пасля няўдачы ў Маскве арганізаваў тэракт у Швецыі. У красавіку 2017 года па ягоным загадзе грамадзянін Узбекістана Рахмат Акілаў на грузавіку ўрэзаўся ў мінакоў у цэнтры Стакгольму. Ён забіў пяць чалавек, яшчэ 15 атрымалі раненні. Акілава прысудзілі да пажыццёвага зняволення.

Сам Наракі пры гэтым пакуль знаходзіцца па-за зонай дасяжнасці расейскіх спецслужбаў. Паводле некаторых дадзеных, цяпер ён пражывае ў іракскім Масуле.

КА, belsat.eu

Стужка навінаў