СМІ: двое пацярпелых у выніку выбуху пад Северадзвінскам памерлі ад радыяцыйнага апраменьвання


Двое пацярпелых пры выбуху на сакрэтным вайсковым аб’екце ў паселішчы Нёнакса памерлі не ад траўмаў, а ад наступстваў радыяцыйнага апрамянення. Пра гэта паведамляе «Дождь» са спасылкай на выданне Spiegel, якому ўдалося пагутарыць з адным з лекараў шпіталю ў Архангельску.

Пасля выбуху траіх мужчынаў, якія атрымалі сур’ёзныя раненні, даставілі ў шпіталь у Архангельску. Яны былі голымі і накрытыя фальгой, іх адзенне ляжала ў поліэтыленавых пакетах. Па словах лекара, медыкаў не папярэдзілі пра тое, што пацыенты заражаны радыяцыяй, таму ніхто не працаваў у ахоўных касцюмах, а ў прыёмным пакоі іх аглядалі голымі рукамі.

У аперацыйнай дазіметрысты зафіксавалі ў галавы аднаго з пацыентаў бэта-выпраменьванне 25 тысяч мікрарэнтгенаў у гадзіну. Пасля гэтага пацыентаў павезлі ў прыёмны пакой і мылі ў ваннай.

«Ванна была потым настолькі заражаная, што потым вайскоўцы яе дэмантавалі», – сцвярджае ўрач.

Пацярпелых павінны былі адправіць у Маскву, аднак двое з іх памерлі па дарозе ў аэрапорт. Лекар сцвярджае, што гэта адбылося не праз траўмы, а ад наступстваў апрамянення.

ВІДЭА
Расейскія ўлады сцвярджаюць, што цэзій-137 трапіў у арганізм лекара не праз выбух пад Северадзвінскам
2019.08.23 16:39
  • Выбух сакрэтным вайсковым аб’екце ў паселішчы Нёнаксаа, што за 40 км ад Северадзвінску Архангельскай вобласці, адбыўся 8 жніўня. Пасля здарэння прэс-служба адміністрацыі Северадзвінску заявіла аб «кароткачасовым павышэнні радыяцыйнага фону». Праз павышэнне радыяцыйнага фону ў Архангельску і Северадзвінску мясцовыя жыхары раскупілі ўвесь ёд. У Расгідрамет заявілі, што 8 жніўня ў Северадзвінску магутнасць дозы гама-выпраменьвання была перавышаная ў 4-16 разоў у параўнанні з фонавымі значэннямі.
  • У выніку выбуху загінулі 7 чалавек, у тым ліку пяць працаўнікоў дзяржаўнай карпарацыі «Расатам». Яшчэ трое атрымалі траўмы і апёкі рознай ступені цяжкасці. У карпарацыі адзначылі, што здарэнне адбылося «пры выпрабаванні вадкаснай рэактыўнай рухальнай устаноўкі» ў перыяд працаў, «звязаных з інжынерна-тэхнічным суправаджэннем ізатопных крыніцаў харчавання на вадкаснай рухальнай устаноўцы».
  • СМІ паведамлялі: калі ў шпіталь даставілі пацярпелых у выбуху, лекараў не папярэдзілі, што трагічнае здарэнне было звязанае з радыяцыяй. У выніку прынамсі ў аднаго з лекараў у арганізме знайшлі радыеактыўны нуклід цэзій-137. Усе медыкі, хто кантактаваў з пацярпелымі ад выбуху, падпісалі дакумент аб неразгалошванні – на гэтым настойвалі працаўнікі ФСБ. Пазней улады Архангельскай вобласці пацвердзілі, што ў аднаго з лекараў знайшлі ў арганізме радыеактыўны нуклід цэзій-137. Аднак яны падкрэсліваюць, што цэзій-137 трапіў у арганізм медыка нібыта праз ежу, а не ў выніку кантактаў з пацярпелымі.
  • Эксперты ставяць пад сумнеў афіцыйную версію выбуху на сакрэтным вайсковым аб’екце ў паселішчы Нёнакса. Яны адзначаюць, што выбух вадкаснай рэактыўнай рухальнай устаноўкі не мог прывесці да радыяцыйнага выпрамянення. Адмыслоўцы падазраюць, что выбух і выпраменьванне радыяцыі стала вынікам аварыі падчас выпрабаванняў крылатай ракеты з ядравай устаноўкай. Імаверна, гаворка ідзе пра ракету 9М730 «Буревестник» (NATO пазначае яе як SSC-X-9 Skyfall).

ІІ belsat.eu

Стужка навінаў