СМІ: дапрацоўку інтэграцыйных дарожных мапаў курыруе Міхаіл Бабіч


Дата новай сустрэчы або тэлефоннай размовы прэмʼер-міністраў РФ і Беларусі Дзмітрыя Мядзведзева і Сяргея Румаса па «дарожным мапах» у рамках працы па паглыбленні інтэграцыі пакуль не вызначаная. Пра гэта паведамляе «РИА Новости» са спасылкай на ананімную крыніцу, знаёмую з ходам перамоваў.

Крыніца ўдакладніла, што праца ў рамках дапрацоўкі «дарожных мапаў» па інтэграцыі з расейскага боку цяпер ідзе на ўзроўні Міністэрства эканамічнага развіцця РФ, гэтую працу курыруе першы намеснік міністра Міхаіл Бабіч, экс-амбасадар Расеі ў Беларусі.

На просьбу ўдакладніць, ці могуць адбыцца новыя кантакты да 8 снежня, калі будзе адзначацца 20-годдзе дагавора аб стварэнні Саюзнай дзяржавы, суразмоўца расейскага агенцтва пацвердзіў, што бакі сапраўды хацелі б завяршыць працу па дарожных мапах да гэтай даты.

Hавiны
Які вынік перамоваў Румаса і Мядзведзева? Тлумачаць эксперты
2019.11.20 13:43

Румас і Мядзведзеў сустракаліся ў Маскве 19 лістапада, перамовы цягнуліся амаль 7 гадзінаў. Па выніках сустрэчы расейскі прэм’ер паведаміў журналістам, што частка дарожных мапаў па паглыбленай інтэграцыі Расеі і Беларусі ўжо ўзгодненая, але засталіся «вельмі складаныя тэмы» наконт якіх дамовіцца не атрымалася. Кіраўнік беларускага ўраду заявіў, што ў інтэграцыйных перамовах яны «вельмі значна прасунуліся».

Румас сказаў, што далей падрыхтаваны пакет дакументаў будзе ўнесены на разгляд Аляксандра Лукашэнкі і Уладзіміра Пуціна. Іх сустрэча адбудзецца 8 снежня ў Маскве ў межах паседжання Найвышэйшага Дзяржаўнага Савету Саюзнай дзяржавы. Аднак да сустрэчы прэзідэнтаў кіраўнікі ўрадаў двух краінаў мусяць правесці яшчэ адны перамовы. «Нашыя калегі ў самы бліжэйшы час, за гэты тыдзень, падрыхтуюць новыя версіі «дарожных мапаў», дзе будуць зведзены вынікі сённяшняй працы. На базе гэтых новых версіяў мы правядзем яшчэ адно абмеркаванне, мабыць, і ў фармаце перамоў паміж міністрамі, і абавязкова стэлефануемся з Сяргеем Мікалаевічам, а калі трэба будзе, то і сустрэнемся», – сказаў 19 лістапада Мядзведзеў.

Нагадаем, Міхаіл Бабіч займаў пасаду амбасадара і спецпрадстаўніка прэзідэнта РФ у Беларусі са жніўня 2018 года па красавік 2019 года. Ягоная праца ў Беларусі была адзначана шэрагам скандалаў. 30 красавіка 2019 года Пуцін адклікаў Міхаіла Бабіча, новым амбасадарам у Менску прызначылі Дзмітрыя Мезенцава.

Hавiны
На мянушку БМВ. Пяць малавядомых фактаў пра Міхаіла Бабіча
2018.08.24 11:50

ІІ belsat.eu

Стужка навінаў