«Смерць на балоце», гераін, Крэмль. Маналогі ветэранаў Афгана


15 лютага 1989 года афіцыйна завяршыўся вывад савецкіх войскаў з Афганістана. Вайну ў Афгане не абвяшчалі, яна пачалася як спецаперацыя, якая расцягнулася на 10 гадоў. А ўжо пасля вываду войскаў, у кожным беларускім горадзе з’явіліся «афганскія дамы», дзе жылі ветэраны чужой вайны. Юрый Высоцкі пагаварыў з беларусамі, якія прымалі ўдзел у баявых дзеяннях, і якія цяпер змянілі сваё стаўленне да вайны.

«У вучэбцы была дзедаўшчына – хацелася ў Афган». Аляксандр Сахарук, ветэран вайны ў Афганістане, Берасце

Мяне прызвалі ў Мар’інай Горцы ў 1983 годзе. Нас адправілі ў Усць-Каменагорск. На месцы абвясцілі, што праз тры месяцы мы паедзем служыць у Афганістан. У вучэбцы была страшэнная дзедаўшчына. Шчыра кажучы, хацелася хутчэй выбрацца з гэтага пекла ў Афган. Я малады быў і думаў, што лепш ужо ад кулі загінуць, чым трываць гэтыя прыніжэнні. У чэрвені 83-га нас самалётам даставілі на базу.

Аляксандр Сахарук ў Афганістане

Палітрукі пастаянна казалі, што каб не мы, то тут ужо былі б амерыканцы са сваімі ракетамі. Афіцыйна мы абаранялі паўднёвыя рубяжы Савецкага Саюза. І мне, 19-гадоваму дзецюку ў галаву не прыходзіла, што ўсё інакш. Мы ж будавалі камунізм. Крамлёўскія старыя ўвялі войскі ў Афганістан, а пакутаваў народ. І з саўковага боку, і ўжо тым больш афганскі народ. Таму што нельга на штыках прынесці свабоду і шчасце. Дзеці мясцовых часта прыбягалі да нашых вышак і паказвалі сярэдні ўказальны палец. Мы не верылі афганцам, а яны нам.

Мясцовыя барыгі навучылі савецкіх салдат курыць гераін

Пасля вайны многія не змаглі злезці з бутэлькі. Былі і тыя, хто прыахвоціўся да наркотыкаў. Мясцовыя барыгі навучылі воінаў-інтэрнацыяналістаў паліць гераін. Я асабіста ведаў такіх.

Фота з архіву Аляксандра Сахарука

Але былі і больш нявінныя забавы. Кожны салдат мог атрымаць у камплект да пайку цукар або цыгарэты. Цукар мы часта пускалі на брагу. А што было рабіць? У батальёне няма чым было заняцца – вышка, калючы дрот, ну, у басейне пакупаешся, дарэчы, мы яго самі выкапалі. А вось цыгарэты, якія нам выдавалі, называліся «Паляўнічыя». Такія паршывыя былі… Мы іх называлі «смерць на балоце».

Я каюся за гора, якое я прынёс афганскаму народу

У 1984 годзе я прымаў удзел у аперацыі па разгрому афганскіх партызан у гарах Лоркох. Мне тады было 20 гадоў. Мы былі ля падножжа гары. А яны, я іх тады называў душманамі, былі на гары. Дастаць нас гранатамі яны не маглі – мы сядзелі ў пячоры. Увечары страляніна спынілася. Афганцы распалілі вогнішча і рыхтавалі сабе ежу. Мы ўсе сталі звычайнымі стомленымі людзьмі, якім хацелася есці і спаць. Раніцай мы высунулі праціўніку ультыматум – скласці зброю і здацца. Ім гарантавалі жыццё. Перамовы доўжыліся да абеда, а пасля я ўпершыню ў сваім жыцці пачуў «Алах акбар». У выніку яны загінулі – сілы былі няроўныя і яны пра гэта ведалі. Гэтыя партызаны павялі сябе як патрыёты сваёй зямлі. Яны загінулі са зброяй у руках, абараняючы сваю краіну ад чужынцаў. Таму што нармальныя мужыкі павінны абараняць сваю краіну. Многія з маіх калегаў лічаць няправільным называць іх патрыётамі, а я каюся за тое гора, якое прынёс афганскаму народу.

Фота з архіву Аляксандра Сахарука

Крэмль – рассаднік зла

У мяне ёсць унукі і я не хачу, каб яны тапталі ў салдацкіх чаравіках чужую зямлю. Усе гэтыя саюзы, інтэграцыі і аб’яднанні – поўная лухта. Калі табе 20 і цябе апрацавалі прапагандысты, то можна і паверыць у гэтую казку пра воіна-інтэрнацыяналіста. Цяпер мне 55. У мяне ёсць сям’я. Ёсць мая Беларусь. І я зусім не хачу жыць у Паўночна-Заходнім краі. Крэмль для мяне – рассаднік зла. Украінскія падзеі гэта пацвярджаюць.

Аляксандр Сахарук

Я аддам гэтай уладзе ўсе свае медалі

Калі Лукашэнка дадасць яшчэ пару гадоў да выхаду на пенсію, я аддам яму ўсе свае медалі. Хто з ветэранаў зможа да гэтай пенсіі дажыць? Гэта ж здзек.

Самы малады камандзір роты ў Афганістане. Сяргей Аніська, ветэран вайны ў Афганістане, былы супрацоўнік КДБ

Мой бацька быў вайскоўцам. І мы аб’ездзілі ўвесь Савецкі Саюз. Школу я скончыў у Манголіі, а потым паступіў у Самаркандскае каманднае вучылішча ва Ўзбекістане. Адтуль мяне і забралі ў Афганістан. Гэта быў 1981 год. У Самаркандзе клімат быў падобны да афганскага, таму нашых туды шмат патрапіла. Спачатку быў памочнікам начальніка штаба батальёна, а праз год стаў самым маладым камандзірам роты 40-й арміі. Бардак у арміі згуляў мне на руку. Камандзірам роты аўтамабілістаў спачатку прызначылі сувязіста. Ён не справіўся. У выніку прапанавалі мяне. У той час я быў камуністам і адмаўляцца было не прынята.

Вывад савецкіх войскаў з Афганістана. Фота Anvar Galeev / Russian Look / Forum

Я быў у шоку, калі ўбачыў Кабул

Савецкія ідэолагі працавалі лепей сённяшніх беларускіх, і я свята верыў, што іду на вайну, якая патрэбна для пабудовы светлай будучыні. Салдаты ехалі ў Афганістан як воіны-інтэрнацыяналісты і ні ў кога не было ніякіх сумневаў. Я ехаў туды, каб дапамагчы людзям, а не як акупант. Я быў у шоку, калі ўбачыў Кабул. Гэта быў сучасны горад. Напрыклад, запомнілася крама з ангельскім жаночым абуткам. У сталіцы Афганістана можна было купіць японскую апаратуру. Там прадаваліся тавары, якія ў СССР былі велізарным дэфіцытам або іх наогул не было. Вось тады я і задаўся пытаннем: каму ж мы тут павінны аказваць дапамогу? Пазней я ўбачыў афганскую правінцыю – гэта быў іншы свет. У сельскай мясцовасці жылі жабракі, забітыя і неадукаваныя людзі. Гэтая была краіна кантрастаў, якая замерла ў сярэднявечным дзяржаўным ладзе.

Могілкі савецкай ваеннай тэхнікі на шашы Джабул Сарадж, на поўнач ад Кабула. Фатаграфія зроблена 6 лютага 2009 года. Фота Ahmad Masood / Reuters / Forum

Помста за ДТЗ

Калі я прыехаў у Афганістан, яшчэ не было гэтай партызанскай вайны. Усё пачалося з малога. Уявіце сабе 120-тысячны ваенны кантынгент з баявой тэхнікай. Хтосьці кагосьці па неасцярожнасці застрэліць або саб’е на машыне. Як клубок усё гэта намотваецца – і афганцы пачалі нам помсціць. А потым ўрад ўцягнуў нас у гэтыя баявыя аперацыі і вайну з партызанамі. У раёне вёскі Сансулак кіроўца з вайсковай калоны ў лабавую урэзаўся ў аўтобус з пасажырамі. Як цяпер памятаю там было 19 трупаў. На месца ДТЗ прыехалі савецкія ваенныя саветнікі, КДБ, мясцовая паліцыя і ў выніку справу замялі. Напісалі ў пратаколе, што маўляў кіроўца аўтобуса быў вінаваты. Я прывёў калону ў Кабул, а назад у Саюз яе павёў узводны. На зваротным шляху на месцы гэтага ДТЗ нам зрабілі засаду. Нікога не забілі тады, але параненых было шмат.

Няма чаго туды было лезці

У маім батальёне лічыліся загінулымі за два гады 25 чалавек. Больш за сотню салдат з раненнямі, не лічачы калек і гэтак далей. Але акрамя куль былі ж яшчэ жаўтуха, тыф і малярыя. Улетку 1982-га палова батальёна была ў шпіталях. Савецкія салдаты не былі адаптаваныя да афганскай бруднай вады і неймавернай спякоты. Наогул цяпер я разумею, што няма чаго туды было лезці. Мы праваслаўныя ўлезлі ў мусульманскую краіну. Да нас туды ўлазіў Македонскс, англічане, а цяпер там кааліцыя НАТА сядзіць і не ведае як адтуль выбрацца з горда ўзнятай галавой.

Мітынг, прысвечаны 31-й гадавіне вываду савецкіх войскаў з Афганістана ля ваеннага мемарыяла «Чорны цюльпан», Екацерынбург, Расея. Фота Donat Sorokin / TASS / Forum

Пасля анэксіі Крыма дружны калектыў батальёна распаўся

Раней я сустракаўся са сваімі калегамі ў Падмаскоўі, а пасля зялёных чалавечкаў у Крыме і спробаў аддзярбаніць іншыя тэрыторыі наш дружны калектыў батальёна распаўся. Цяпер беларусы і ўкраінцы сустракаюцца ў Чарнігаўскай вобласці. У 2014 годзе некаторыя мае аднапалчане наогул сталі ура-патрыётамі і крычалі «Даеш Кіеў!» Я так аднаму і казаў: ты яшчэ не наваяваўся ў Афгане? Навошта ты заклікаеш да вайны. Ты ж не будзеш там ваяваць. Крыві паміж славянамі хочаш? Яшчэ адзін мне напісаў, маўляў, як ты можаш быць за «гэтых», і што яго дзед ваяваў на Курскай дузе. Прычым тут Курская дуга і расейскія салдаты без пагонаў, якія захапілі Крым? Як сказаў мой нябожчык дзед: ідуць не туды, дзе скачуць, а туды, дзе плачуць. Таму я з украінцамі. А інакш і быць не магло, таму што мая рота амаль цалкам складалася з украінцаў.

  • Агульныя страты савецкіх войскаў у Афганістане афіцыйна склалі больш за 15 тысяч загінуўшых, амаль 55 тысяч параненых і 417 зніклых без вестак.

Запісаў Юрый Высоцкі/АА belsat.eu

Стужка навінаў