Смерць лейтэнанта ДАІ Яўгена Патаповіча канчаткова прызналі самазабойствам, справа спыненая


Следчы камітэт прыняў канчатковае рашэнне аб спыненні крымінальнай справы па факце смерці лейтэнанта ДАІ з Магілева Яўгена Патаповіча, цела якога знайшлі 16 траўня ў лясным масіве ў Магілёўскім раёне. Пра гэта паведаміў старшыня СК Іван Наскевіч, піша БелТА.

«Прэзідэнту даложана аб прыняцці следствам канчатковага рашэння аб спыненні крымінальнай справы па факце выяўлення трупа працаўніка міліцыі Патаповіч. У следства няма сумневу ў тым, што мела месца самагубства, доказаў таго шмат, – заявіў Іван Наскевіч. – Крымінальная справа спыненая і знаходзіцца на вывучэнні Генеральнай пракуратуры для дачы ацэнкі законнасці рашэнняў, прынятых следствам».

Паводле Наскевіча, следчыя даказалі, што ў дзень самагубства лейтэнант ДАІ з Магілёва купіў у краме дровы і сродкі для распальвання, якія загадзя даставіў на месца здарэння. Падчас дзяжурства ён па надуманых падставах сышоў з маршруту нясення службы, пераапрануўся ў цывільную вопратку і на таксі з’ехаў у лес.

Hавiны
Бацька Патаповіча ўспомніў пра яшчэ адну незаўважаную рану на целе сына
2019.06.05 18:11

«Да нядаўняга часу нам не хапала аднаго звяна – таксіста, які вёз працаўніка міліцыі. Мы яго знайшлі, дапыталі. Ён даў паказанні, якія знаходзяцца ў канве ўсіх астатніх доказаў», – распавёў Наскевіч. Тое, што Патаповіч сам сеў у машыну таксі, пацвярджаюць запісы з камер назірання, таму пра выкраданні гаворка не вядзецца.

«Па заключэнні экспертызы, ён мог сам сабе прычыніць то агнястрэльную раненне, якое стала прычынай смерці. На пісталеце знаходзяцца толькі яго біялагічныя сляды, на целе выяўленыя сляды стрэлу. Гэта сведчыць аб тым, што стрэл зроблены з блізкай адлегласці, гэта значыць, магчыма, на адлегласці сваёй выцягнутай або набліжанай рукі», – сказаў Іван Наскевіч.

  • Цела лейтэнанта міліцыі Яўгена Патаповіча знайшлі 16 траўня каля 20:45 у лясным масіве ў Магілёўскім раёне. Міліцыянт быў у кайданках і без штаноў. Следчы камітэт распачаў крымінальную справу паводле арт. 362 (забойства супрацоўніка органаў унутраных справаў пры выкананні службовых абавязкаў).
  • Спачатку меркавалася, што да смерці Патаповіча могуць быць датычныя ромы. Перад знікненнем міліцыянт нібыта даслаў калегам паведамленне ў Viber. У ноч з 16 на 17 траўня ў пасёлках Чапаеўка і Грабянёва АМАП правёў рэйд і затрымаў некалькі дзясякаў ромаў. Ромы скардзіліся на збіццё і абразы. Міністр Шуневіч вырашыў не прыносіць прабачэнняў за брутальныя дзеянні міліцыі.
  • Раніцай 20 траўня прадстаўнікі Следчага камітэту і Міністэрства ўнутраных справаў правялі брыфінг, на якім заявілі пра тое, што асноўная версія прычыны смерці міліцыянта Яўгена Патаповіча – суіцыд. Афіцыйны прадстаўнік Следчага камітэту Юлія Ганчарова патлумачыла дзіўныя акалічнасці смерці інспектара ДАІ з Магілёва Яўгена Патаповіча тым, што ён нібыта інсцэнаваў уласнае забойства. У СК адзначылі, што штаноў на інспектары ДАІ не было, бо загінулы наўмысна спаліў іх з дапамогай вадкасці для распальвання. Таксама Патаповіч нібыта не меў ніякіх раненняў у вобласці пахвіны: кроў на бялізне, паводле СК, аказалася там праз позу цела загінулага.
  • Сваякі Яўгена Патаповіча не паверылі ў версію следства і патрабавалі эксгумацыі цела. Аднак следчыя адмовіліся праводзіць эксгумацыю да вынікаў судова-медычнай экспертызы. А судова-медычная экспертыза ў справе магілёўскага лейтэнанта ДАІ зафіксавала толькі адно пашкоджанне на целе загінулага – гэта агнястрэльнае раненне ў галаву.
Фота
«Гэта не выпадковы збег абставінаў». Ці звязаныя смерці Патаповіча і ягонага аднакурсніка з Берасця?
2019.05.30 17:57

ІІ belsat.eu

Стужка навінаў