Смерць ад пнеўманіі ў Магілёве. «Мог бы яшчэ жыць, калі б застаўся ў Нямеччыне»


Жыхары вёскі Прысна 1, што каля Магілёва, мякка кажучы, у шоку. У сусветных навінах перадаюць пра закрыццё краінаў на каранцін праз каронавірус, які выклікае пнеўманію, а днямі ў іхнай роднай вёсцы ад пнеўманіі памёр мужчына, які толькі што вярнуўся з Нямеччыны.

З Магілёва ў Прысна можна даехаць на гарадской маршрутцы.
Фота: Belsat.eu

Пра смерць 53-гадовага мужчыны ад пнеўманіі чулі ўсе жыхары вёскі Прысна 1, што пад Магілёвам. Першымі сустракаем немаладую пару: мужчына і жанчына займаюцца справамі на сваім надзеле. Просім у іх хвіліначку ўвагі.

«Мы даведаліся пра здарэнне з інтэрнэту. Нічога не ведаем. Прачытаўшы навіны, прыйшлі да высновы, што трэба ўзяць паўзу. Вырашылі перачакаць пару тыдняў. Жонка ўзяла адпачынак і мы зараз займаемся выключна домам. Невядома, ці будуць якія паведамленні ад уладаў, як нам жыць далей, ці не будзе. У нас часовая паўза».

У Прысна 1 абедзьве крамы знаходзяцца побач з могілкамі.
Фота: Belsat.eu

Ідзем у краму, дзе дакладна павінны ведаць усе апошнія навіны пасёлка. Так атрымалася, што дзве крамы ў Прысна-1 знаходзяцца абапал мясцовых могілак.

«На гэтых могілках дакладна нікога не хавалі ў апошнія дні. Гэтага мужчыну, які памёр ад пнеўманіі, павезлі на могілкі ў суседнюю вёску. Мне самой вельмі цікава, што здарылася, але, на жаль, я нічога не ведаю», – сказала прадавачка адной з крам.

У іншай краме нам падказалі болей:

«Так, я ведаю гэтага мужчыну. Ён разам з жонкай часта прыязджаў да нас у краму. У яго праца была ў Нямеччыне, ён туды пастаянна ездзіў. Зараз па пасёлку ходзяць самыя розныя чуткі, але ніхто нічога дакладна не ведае. Адныя кажуць, што ён памёр ад каронавірусу, а іншыя кажуць, што яго забілі», – сказала прадавачка ў другой краме.

Крама, якую часта наведваў А. з жонкай.
Фота: Belsat.eu

Ад прадавачкі мы даведаліся, дзе шукаць дом 53-гадовага мужчыны. Маўляў, «самы багаты дом, так што не праедзеце міма». Каля «самага багатага дому» мы сустрэлі двух сябраў, якія сказалі, што «ідуць з памінак А.».

«А. прыляцеў з Нямеччыны 18 сакавіка. Яго правяралі на каронавірус у аэрапорту. Нічога не знайшлі. Калі яму стала дрэнна, яго ў лякарню завёз наш сусед. Там на гэты вірус яго яшчэ раз праверылі, а на наступны дзень хуткая прыехала і да суседа – зрабіць тэсты на каронавірус», – кажа сусед.

Паводле суседа, яны з А. бачыліся пасля ягонага вяртання з Нямеччыны, сядзелі за адным сталом. Зараз сусед адчувае сябе нармальна: кашлю няма, тэмпературы няма.

Вёска Прысна 1 знаходзіцца пад самым Магілёвам.
Фота: Belsat.eu

«Можа быць і ў нас ужо гэты каронавірус, хто яго ведае? У нас жа маўчаць аб усім, ніхто нічога не кажа. Яго даставілі ў лякарню з пнеўманіяй. А ў якасці прычыны смерці яму пазначылі, што адарваўся тромб. Што мы пра гэта думаем? А вы што думаеце? Як гэта так, чалавека адвезлі ў лякарню і ён там памірае. Мы думаем, што яму не трэба было вяртацца дадому, лепш бы ён застаўся ў Нямеччыне, магчыма, зараз быў бы жывы», – кажа сусед памерлага.

Суседзі пацвердзілі, што А. ездзіў у Нямеччыну па працы. Паводле іх, пахаванне прайшло ў звычайным парадку. Ніякіх людзей у масках не было. Суседзі пацвердзілі, што А. сапраўды крэміравалі, але не па загаду лекараў, а па асабістаму жаданню сям’і. Пахавалі ў іншай вёсцы, бо ў Прысна не было месцаў.

Па вёсцы ходзяць самыя розныя чуткі. І ўсім жыхарам хочацца ведаць праўду.
Фота: Belsat.eu

У нас атрымалася звязацца з сынам А. Але той сказаў, што зараз не гатовы даваць каментары наконт смерці свайго бацькі і павесіў слухаўку.

Вольга Васільева Belsat.eu

Стужка навінаў