«Сляды рук на сцяне – а потым нічога няма». 20 гадоў трагедыі на Нямізе


Мемарыял Ружы ў Менску. Фота – Ірына Арахоўская / «Белсат»

Дваццаць гадоў таму, 30 траўня 1999-га, у падземным пераходзе на станцыі метро Няміга ў Менску стыхійная цісканіна ўнесла жыцці 53 асобаў, сотні атрымалі раненні. Belsat.eu пагутарыў з менчукамі, якім не пашчасціла быць у той дзень на Нямізе, але пашчасціла ўратавацца.

Нядзеля. У сталіцы стаіць спякотнае надвор’е. Гараджане збіраюцца на пляцоўцы каля Палаца спорту. Шмат моладзі і падлеткаў. Тут мае адбыцца піўны фэст, і галоўнае – чакаецца выступ папулярнай рок-групы «Манга-манга».

Бліжэй да восьмай вечара неба зацягвае чорная хмара, але людзі працягваюць весяліцца, не зважаючы на яе. Раптоўна пачынаецца надзвычай моцная залева з градам. Буйныя градзіны балюча б’юць дзяўчат у сукенках з адкрытымі плячыма. Побач няма будынку, дзе можна перачакаць непагадзь. Арганізатары фэсту не паставілі на канцэртнай пляцоўцы ніводнага тэнту.

Станцыя метро Няміга. Фота – Ірына Арахоўская / «Белсат»

Хаваючыся ад дажджу, натоўп інстынктыўна рушыць у бок метро. На лесвіцы і ў пераходзе адначасова аказваюцца сотні чалавек. Хтосьці паслізгаецца на мокрых ступеньках і падае. Ужо праз 10 хвілін аднекуль знізу, з цёмнага тунэлю, выносяць і кладуць на траву збялелых дзяўчат. У пераходзе чуваць жаночыя крыкі і мужчынскія галасы: «Назад!». Са 195 міліцыянтаў, што ахоўвалі парадак на свяце, тут бачныя адзінкі. Людзей ахоплівае паніка.

Пазней становіцца вядома: падчас цісканіны загінулі 53 чалавекі. Большасці было ад 14 да 20 гадоў, іх смерць наступіла ад удушша. Паводле шматлікіх сведчанняў відавочцаў, на целах былі сляды ад падэшваў і дзіркі ад абцасаў-шпілек на грудзях. Бацькоў ахвяраў чакала доўгая ноч пошукаў па шпіталях і моргах.

31 траўня Аляксандр Лукашэнка абвесціць у краіне двухдзённую жалобу. Неўзабаве будзе распачатая крымінальная справа паводле артыкулу «Службовая нядбайнасць», абвінавачаныя – тагачасны начальнік міліцыі грамадскай бяспекі ГУУС Менгарвыканкаму Віктар Русак і начальнік аддзелу масавых мерапрыемстваў Міхаіл Кандрацін. Нават распачнуцца слуханні – пад ціскам сваякоў загінулых, якія стварылі Цэнтр сацыяльнай дапамогі «Няміга-99». Аднак следства неабгрунтавана зацягнецца аж да красавіка 2002 году, калі суд Цэнтральнага раёна спыніць справу. Нагода – «сканчэнне тэрміну даўніны»…

«Маці села на край ложка і заплакала»

У 1999-м годзе Марыне Корж было 15. Дзяўчына вырашыла сустрэцца з сябрамі ў выходны і разам пайсці на фэст на Нямізе.

«Мы тусаваліся на гэтай вялізарнай пляцоўцы, калі раптам пайшоў жудасны град. Я захапіла парасон, але ніякі парасон ужо не мог бы дапамагчы. Проста шалёны град – больш я такога ніколі не бачыла! Памятаю, было вельмі балюча, мне ўсе ногі пабіла кавалкамі лёду.

Марына Корж, вiдавочца трагедыi на Нямiзе. Фота – Ірына Арахоўская / «Белсат»

Нас з сябрамі было шмат, таму, калі пачаўся гэты град і залева, усё разбегліся хто куды. Да Палацу спорту было далёка, схавацца няма дзе і большасць пабегла ў метро, каб потым, хіба, з’ехаць ужо дадому. Ну, і я таксама. Я на абцасах была, таму рухалася павольней за сяброў. Пакуль дабеглі – дождж амаль скончыўся, але ў пераходзе ўжо ўтварыўся натоўп.

Стоячы на пачатку лесвіцы, я бачыла толькі галовы, галовы, галовы – і гэтак да самага нізу. Падаецца, тады пераход быў вузейшы, дадатковага яшчэ не пабудавалі…

Зверху выглядала, нібыта ўсе проста стаяць, не рухаючыся. Побач са мной смяяліся, гаманілі, перамаўляліся, але ніякай панікі не адчувалася. Да мяне падышоў нейкі хлопец. Мы не маглі ўявіць, што праз некалькі метраў людзі ляжаць слаямі, а іншыя стаяць проста на іх.

Напрыканцы лесвіцы з’явіліся пяцёра хлопцаў – яны ўзяліся за рукі жывым ланцужком і пачалі крычаць у натоўп: «Назад! Назад!». Прыгадваю, што адзін з іх быў у міліцэйскай форме. А той хлопец, які стаяў побач, узяў мяне за руку і сказаў: «Хадзем адсюль».

І ў гэты момант з пераходу вынеслі вельмі бледных дзяўчынак і паклалі на траву. Думка, што яны мёртвыя, не прыходзіла – ну, проста страцілі прытомнасць.

Помнік памяці ахвярам трагедыі на Нямізе. Фота – Ірына Арахоўская / «Белсат»

Паспелі дайсці і пешшу да «Белай вежы», калі ўбачылі чараду «хуткіх» з сірэнамі. Яны ехалі ў бок Нямігі. Да раніцы панядзелка мы нічога толкам не ведалі, а ў панядзелак маці зайшла ў мой пакой, села на край ложку і заплакала. Прычым, я дакладна памятаю: у першыя дні пасля трагедыі казалі пра значна большую колькасць загінулых – 167 чалавек, а потым ужо з’явілася інфармацыя пра 52. (53-я ахвяра цісканіны на Нямізе, Сяргей Саладкевіч, памёр у шпіталі 11 чэрвеня 1999-га – заўв.)

Атрымліваецца, што я не патрапіла ніжэй, у пераход, нейкім цудам… Сапраўды, у 15 гадоў я не разумела, што такое цісканіна і як трэба дзейнічаць у ёй. Пасля Нямігі ў моладзевым цэнтры «Фіальта», дзе я тады працавала, ладзілі трэнінгі па паводзінах у натоўпе, тлумачылі, чым небяспечныя канформныя паводзіны.

Што тычыць помніка-каплічкі і ружаў, шчыра кажучы, мне больш падабаўся стыхійны народны мемарыял, хаця ён праіснаваў нядоўга. Людзі прыносілі кветкі, партрэты загінулых, рабілі памятныя графіці. Потым дзяржава ўсё прыбрала»

«Міліцыя не пускала людзей на праспект»

Дзмітрыю Талкачову ў 1999-м споўнілася 20 гадоў. Бесклапотны студэнт думаў, чым заняць вечар нядзелі.

«Звычайна кажуць, «у мяне было нейкае прадчуванне». Дык вось не. Я наагул туды не збіраўся. Проста ў нашай кампаніі сяброў апынуўся нямецкі студэнт Крысціян, які прыехаў у Беларусь па абмене. Ён загарэўся гэтай ідэяй і пацягнуў нас на канцэрт «Манга-Манга». Група напрыканцы 90-х грымела, усе спявалі іхны хіт «Такіх не бяруць у касманаўты».

Дзмiтрый Талкачоў, вiдавочца трагедыi на Нямiзе. Фота – Ірына Арахоўская / «Белсат»

Прыехалі на Нямігу гадзіне а шостай. Чэргі стаялі за півам вялізарныя. Вытворца цыгарэт «Магна» запусціў тады яшчэ рэкламную акцыю: прыносіш дзесяць крышачак з пачкаў цыгарэт і табе наліваюць бясплатна келіх піва. Крышачак гэтых у нас не было і мы вырашылі схадзіць у краму за бутэлькай. Забеглі ў краму, выходзім – пачаўся дождж.

Ля пераходу адразу кідалася ў вочы ачапленне міліцыі. Людзі скапіліся на ўзбочыне праезнай часткі і хацелі перайсці дарогу праз праспект, але міліцыя іх туды не пускала. Яны апынуліся на лесвіцы і ў самім пераходзе…

Трагедыі на Нямізе 20 год. Архіўны здымак, 1999 год. Фота photo.bymedia.net

Мой сябар Крысціян раней адслужыў у нямецкім войску і ўмеў аказваць першую медычную дапамогу. Калі пачалі выносіць людзей у непрытомнасці, мы разам падышлі, каб ен прапанаваў дапамагчы. Я перакладаў на расейскую. Але міліцыя яго адштурхнула, не дазволіла: «Адыдзіце, тут працуюць прафесіяналы». Рабіць няма чаго – перайшлі на бок сабору, праз дарогу. Інтэрнэтам шырока не карысталіся, інфармацыя даходзіла павольна.

Наступныя дні я правёў дома, адказваючы на тэлефанаванні ўсхваляваных сваякоў з іншых гарадоў. Разуменне, наколькі сітуацыя была небяспечнай, прыйшло значна пазней. Ведаеце, маладосць часта не ўспрымае смерць сур’ёзна.

Трагедыі на Нямізе 20 год. Архіўны здымак, 1999 год. Фота photo.bymedia.net

Калі я спусціўся ў гэты пераход праз некалькі дзён, найбольшае ўражанне зрабіў нават не народны мемарыял з морам кветак, а адбіткі далоняў на столі і сценах. Тыя, хто хапаўся за столь – натуральна, стаялі на целах іншых.

Гэта была дакладная лінія: вось тут яны яшчэ хапаліся, намагаючыся выбрацца, а далей слядоў ужо не было. Літаральна: сляды рук на сцяне – а потым нічога няма».

Кацярына Андрэева belsat.eu

Стужка навінаў