Служыў ва ўнутраных войсках, 10 гадоў адпрацаваў у турме. Новыя факты пра Дзяніса К., які памёр пасля Акрэсціна


Belsat.eu высветліў некаторыя падрабязнасці біяграфіі 41-гадовага Дзяніса К., які быў дастаўлены ў шпіталь з ІЧУ на Акрэсціна з мноствам траўмаў і 30 верасня памёр у рэанімацыі больніцы хуткай медычнай дапамогі. Ягоная сям’я не верыць у афіцыйную версію следчых пра падзенне з другога яруса ложку.

«Ён не мог знайсці сябе»

Брат памерлага Павел распавёў у інтэрв’ю belsat.eu, што Дзяніс праходзіў тэрміновую службу ва ўнутраных войсках, у в/ч 7404, (4-я асобная спецыяльная міліцэйская брыгада).

«Пасля службы ён уладкаваўся па кантракце ў папраўчую калонію №1, дзе адпрацаваў дзесяць гадоў, з 1998-га да расфармавання ў 2008-м. Ён не быў афіцэрам. Працаваў увесь час начальнікам каравулу», – кажа ён.

Машына хуткай дапамогі каля ЦІП на Акрэсціна.
Фота: Belsat.eu

Калонія №1 на вуліцы Кальварыйскай у Менску была расфармаваная напрыканцы 2008 году пасля гучнага інцыдэнту: адзін з вязняў захапіў у закладнікі медсястру і афіцэра. Перамовы вёў тагачасны міністр унутраных спраў Уладзімір Навумаў, у выніку захопніка ліквідавалі. Некаторых супрацоўнікаў калоніі адзначылі ўзнагародамі. У адкрытых крыніцах прозвішча Кузняцова ў сувязі з гэтай гісторыяй не ўзгадваецца.

Пазней, па словах брата, Дзяніс «з ворганамі не супрацоўнічаў».

«Падпрацоўваў ахоўнікам, а апошнім часам займаўся будаўніцтвам на шабашках. Афіцыйна нідзе не быў уладкаваны. Дзе менавіта ён працаваў – мы не ведаем, не гаварылі пра гэта. Ён не мог знайсці сябе», – тлумачыць Павел.

Абноўлена
Збіты на Акрэсціна Дзяніс К. сёння памёр
2020.10.03 16:50

«Я выдатна разумею, што яго забілі»

Сваёй сям’і Дзяніс не завёў: ён жыў з маці, якой таксама нічога асабліва не распавядаў пра сваю працу. На пытанне, ці ўзнікалі ў яго праблемы з законам, ці прыцягваўся раней да адказнасці, брат кажа:

«Дакладна сцвярджаць я не бяруся, бо не ведаю. Хутчэй за ўсё, не прыцягваўся. Нічога сур’ёзнага ён не мог зрабіць, бо быў вельмі добрым. Ніколі не біўся, дадому то шчанюка прынясе, то кацяня…»

Павел сцвярджае, што ў брата ніколі не ўзнікала канфліктаў на службе, ворагаў ён не меў. З былых саслужыўцаў Дзяніс блізка сябраваў толькі з адным. Калі стала вядома пра гібель, той прынёс маці кветкі. Belsat.eu пакуль не змог звязацца з гэтым чалавекам.

Сваякі Дзяніса ўпэўненыя, што афіцыйная версія Следчага камітэту не адпавядае рэальнасці.

«Як можна атрымаць такія траўмы, проста зваліўшыся з ложку? Гэта быў свайго роду самасуд, але ніхто не мае такога права… Я выдатна разумею, што яго забілі, гэта сто адсотка – або міліцыя, або сукамернікі. Іншай версіі быць не можа. Я не ведаю, як менавіта ўсё адбылося. З ягоных слоў, яго збілі супрацоўнікі – гэта былі апошнія словы», – кажа Павел.

На Акрэсціна людзі спрабуюць даведацца, дзе іх затрыманыя сваякі і сябры. Менск, Беларусь. 12 жніўня 2020 г.
Фота: ТК / Belsat.eu

На выходных 26-27 верасня яны разам з братам адпачывалі на лецішчы.

«Пра палітыку размоваў не вялося, толькі пра сямейныя справы. Нічога дзіўнага ў паводзінах Дзяніса я не заўважыў. Хіба толькі нейкі сумны ён быў, магчыма, нешта адчуваў. Калі мы вярнілся ў Менск, ён проста пайшоў дадому».

У другой палове дня 27 верасня ў цэнтры Менску як раз адбываліся пратэсты і затрыманні. Аднак, паводле брата, Дзяніс не мог пайсці на акцыю. Як ён трапіў у ізалятар на Акрэсціна – родныя не ведаюць.

Ужо 29 верасня мужчыну даставілі ў больніцу хуткай медычнай дапамогі з Акрэсціна. Там яму паставілі папярэдні дыягназ: пераломы костак чэрапа, адкрытая чэрапна-мазгавая траўма, шматлікія гематомы, пералом правай падуздышнай косці і іншыя траўмы.

Фота: belsat.eu

Судмедэксперт: «Выклікае сумневы масіўнасць пашкоджанняў пры падзенні з такой невялікай вышыні»

Сваякі не могуць атрымаць доступ да мабільнага тэлефона Дзяніса: на ім стаіць пін-код. Такім чынам, дакладна аднавіць храналогію падзеяў апошніх дзён перад затрыманнем неўдаецца. Яшчэ да смерці Дзяніса брат падаў заяву ва УСК па Маскоўскім раёне аб правядзенні праверкі па факце прымянення гвалту.

Развітанне прайшло ў аўторак 6 кастрычніка. Сям’я памерлага была супраць прысутнасці журналістаў.

Як паведаміла belsat.eu сваячка, у пасведчанні аб смерці Дзяніса К. у графе «прычына смерці» пазначана Т06.8 («іншыя удакладненыя траўмы з уцягваннем некалькіх вобласцяў цела»).

Мы запыталі спецыяліста ў сферы судмедэкспертызы, які пажадаў захаваць ананімнасць, наколькі верагодныя такія траўмы, упаўшы з другога яруса ложку.

«Дзеля таго, каб вызначыцца з поўным аб’ёмам цялесных пашкоджанняў, патрабуецца вывучэнне медычнай дакументацыі з пазначэннем лакалізацыі і характару вонкавых пашкоджанняў. У тым ліку трэба бачыць рэнтгенаграмы і вынікі камп’ютарнай тамаграфіі.

Між тым, мае папярэдняе меркаванне аб магчымасці гэтых траўмаў пры падзенні з двухпавярховага ложка вельмі скептычнае. Выклікае сумневы масіўнасць цялесных пашкоджанняў пры падзенні з такой невялікай вышыні», – рэзюмуе эксперт.

***

Напрыканцы верасня міжнародныя праваабарончыя арганізацыі накіравалі ў пракуратуру запыт аб расследванні катаванняў у ЦІП і ІЧУ. У адказ пракуратура заявіла, што гэтыя звесткі «з’яўляюцца службовай інфармацыяй абмежаванага распаўсюду».

26 жніўня пад кіраўніцтвам Генпракуратуры была створаная міжведамасная камісія для вывучэння зваротаў грамадзян, якія паскардзіліся на збіццё і прыніжэнні з боку сілавікоў. З заяву па фактах катаванняў звярнуліся больш за 1000 чалавек.

Ніводнай публічнай справаздачы ад камісіі дагэтуль не прагучала.

Фільмы
Цэнтр катаванняў. Гісторыі з Акрэсціна
2020.10.06 09:15

КА belsat.eu

Стужка навінаў