Служыў у міліцыі, атрымліваў зямлю бясплатна. Топ-5 фактаў пра азербайджанскага бізнесоўца, якога ўзнагародзіў Лукашэнка


Тыдзень таму Аляксандр Лукашэнка ўзнагародзіў ордэнам Пашаны азербайджанскага бізнесоўца, дырэктар будаўніча-інвестыцыйнай кампаніі «Улу Гёйча» Ісмайылава Васіфа Султана оглы. Belsat.eu высвятліў, чым вядомы прадпрымальнік з Азербайджану і чаго ён дасягнуў у Беларусі.

У паведамленні прэс-службы Лукашэнкі тлумачылася, што Васіф Ісмайылаў узнагароджаны «за значны асабісты ўклад у развіццё гандлёва-эканамічных сувязяў і інвестыцыйнай супрацы паміж Беларуссю і Азербайджанам». Раней сёлета прадпрымальнік стаў лаўрэатам конкурсу «Чалавек Справы», дзе адзначаюць найлепшых бізнесоўцаў Беларусі.

Васіф Ісмайылаў. Скрыншот з відэа YT

Але нягледзячы на гэтыя ўзнагароды, пра 47-гадовага Васіфа Ісмайылава вядома мала, ён персона не публічная. Большасць спасылак на згадкі бізнесоўца ў Google (прычым пры запытах як па-расейску, так і па-азербайджанску), звязаныя менавіта з атрыманнем ордэну ад Лукашэнкі. Узнагароджваў яго і прэзідэнт Азербайджану Ільхам Аліеў за заслугі ў развіцці будаўнічай галіны краіны.

Марыў быць міліцыянтам

Васіф Ісмайылаў распавёў некаторыя дэталі сваёй біяграфіі ў інтэрв’ю «Белгазете» (гэта фактычна адзінае інтэрв’ю беларускім СМІ за ўвесь час працы ў краіне).

«Калісьці я марыў працаваць у органах унутраных справаў. Адслужыў яшчэ ў савецкай арміі, а потым пайшоў у міліцыю. Там адпрацаваў пяць гадоў. Але ў нейкі момант зразумеў, што гэта не зусім маё. Не мой стыль, ці што. Раніцай ідзеш на працу, увечары дадому. Усё досыць аднолькава. Мне хацелася працаваць па-іншаму, на сябе. Вось тады і вырашыў паспрабаваць сілы ў прадпрымальніцтве», – адзначыў ён.

Прыехаў у Беларусь, каб купіць ліфты

Васіф Ісмайылаў. Фота – belgazeta.by

Паводле Ісмайылава, ён пачынаў з з экспарту шкур у Турцыю, затым вазіў цэмент з Ірану ў Азербайджан, а потым заняўся будаўніцтвам. У Беларусі ён з’явіўся 13 гадоў таму, калі прыехаў купляць для сваіх будынкаў ліфты ў «Магілёўліфтмаша». Праз некаторы час у Магілёве ён пабудаваў гандлёва-забаўляльны цэнтр, а затым пачаў займацца праектамі ў Менску.

«Тут мне адразу вельмі спадабалася. Пачаў вывучаць беларускую будаўнічы рынак, зразумеў, што тут добрая асяроддзе для развіцця бізнесу», – распавядаў ён «Белгазете».

Атрымліваў зямлю без аўкцыёнаў

Ісмайылаў пачаў займацца будаўнічым бізнесам у Беларусі ў канцы 2000-х і амаль адразу заваяваў сімпатыі беларускіх уладаў, якія пачалі яго ўсяляк падтрымліваць.

Як пісаў TUT.by, у 2009 годзе Аляксандр Лукашэнка пад будаўніцтва шматфункцыйнага комплексу бясплатна аддаў кампаніі Ісмайылаву «Азнеман» 1,6 гектара зямлі за Нацыянальнай бібліятэкай – на перакрыжаванні Філімонава і Скарыны. З просьбай аддаць азербайджанскаму бізнесоўцу зямлю без аўкцыёну да Лукашэнкі звярнуўся тагачасны старшыня Менгарвыканкаму Міхаіл Паўлаў. Ісмайылаў абяцаў укласці ў праект $ 10 млн.

У 2013 годзе ў «Азнемана» здарыўся канфлікт з падрадчыкам – кампаніяй «Остовстрой». Яе кіраўнік Канстанцін Трызна прыйшоў на прыём да тагачаснага кіраўніка Савету бяспекі Леаніда Мальцава і дамогся правядзення праверкі законнасці атрымання Ісмайылавым гэтага зямельнага ўчастка. Праверку праводзіла пракуратура і КДБ.

Чым скончылася праверка дакладна невядома. Але паколькі будаўніцтва было азербайджанскім бізнесоўцам паспяхова завершана (комплекс атрымаў назву «Абшэрон»), можна меркаваць, што ніякай карупцыі ў гэтай схеме праваахоўныя органы не пабачылі.

Комплекс “Абшэрон”. Фота – absheron.by

Кампанію Ісмайылава «Азнеман» падтрымлівалі нават на ўзроўні МЗС Беларуси. Як распавядаў у 2013 годзе TUT.by прадстаўнік Менгарвыканкаму, сталічныя ўлады атрымалі ад беларускай амбасады і МЗС ліст «аб неабходнасці актывізацыі супрацы з гэтай кампаніяй».

У 2012 годзе таксама без аукцыёну Ісмайылаў атрымаў пад будаўніцтва бізнес-цэнтру пляцоўку былога Чэрвеньскага рынку на вуліцы Аранскай. Праектам займалася іншая кампанія бізнесоўца – «Судатэхналогія».

Займаўся топавымі аб’ектамі для стасункаў Баку і Менску

Кампанія Ісмайылава «Улу Гёйча» пабудавала у Баку новы будынак амбасады Беларусі. У лістападзе 2013 года на адкрыцці шыкоўнага будынку прысутнічалі асабіста Ільхам Аліеў і Аляксандр Лукашэнка.

На адкрыцці новага будынку амбасады Беларусі ў Баку. Ісмайылаў злева ад Лукашэнкі. Фота – president.gov.by

А ў Менску ў 2017 годзе бізнесовец стаў заснавальнікам Гандлёвага дому Азербайджану (уваходзіць у комплекс «Абшэрон»). На адкрыцці аб’ектам прысутнічаў кіраўнік МЗС Уладзімір Макей.

Уладзімір Макей на адкрыцці Гандлёвага дома Азербайджану ў Менску. Фота – mfa.gov.by

Пабудаваў шэраг ГЦ у Магілёве

Як ужо адзначалася раней, Ісмайылаў распачаныў бізнес у Беларусі з Магілёва. Як пішуць СМІ, ён быў датычны да будаўніцтва гандлёвых цэнтраў «Авеню», «Армада», «Армада Авто Мир», «Атлас», «Атриум». Афіцыйна ўсе гэтыя аб’екты належаць ТАА «Армада групп», імёны уладальнікаў і кіраўніцтва якога ў адкрытых крыніцах не фігуруюць. Непасрэдна будаўніцтвам займалася кампанія «Шафаг 88», заснавальнікам якой з’яўляецца Ісмайылаў. Менавіта як заснавальнік «Шафаг 88» бізнесовец быў прызнаны «Чалавекам года Магілёўшчыны-2018».

У інтэрв’ю «Белгазете» Ісмайылаў вельмі хваліў умовы вядзення бізнесу ў Беларусі.

«Цяпер, па сутнасці, жыву на дзве краіны і дзве сталіцы. І не адчуваю ніякіх адрозненняў. Тут адчуваю сябе як дома», – казаў ён.

Hавiны
Што агульнага ў Шэймана, генерала ФСБ і Тальяці? Расследаванне «Белсату»
2018.05.21 08:00

ІІ belsat.eu

Стужка навінаў