1300 фанатаў з усяго свету. ФК «Слуцк» распавёў, што збіраецца рабіць з нечаканай славай


Заўзятары ФК «Слуцк» Падчас матчу іхнай каманды са «Славіяй» (Мазыр) 22 сакавіка 2020 года на гарадскім стадыёне Слуцку.
Фота: Васіль Фядосенка / Reuters / Forum

Футбольны клуб з Менскай вобласці спадзяецца, што фанаты з усяго свету, якія адкрылі «Слуцк» дзякуючы каронавірусу і няправільнай транслітарацыі назвы клуба, застануцца з камандай і пасля эпідэміі.

Створаная на мінулым тыдні аўстралійцамі група «FK Slutsk Worldwide» у «Фэйсбуку» налічвае ўжо больш за 1300 чалавек з усяго свету – і працягвае расці з кожнай хвілінай.

«Каронавірус моцна ўдарыў па футбольным фанатам усяго свету. Мы дзякуем беларускай Вышэйшай лізе і ФК «Слуцк» за тое, што яны падтрымліваюць футбол ува ўсім свеце. Далучайцеся! Мы любім «Слуцк»! » – гаворыцца ў апісанні суполкі.

Пасля прыпынення еўрапейскіх чэмпіянатаў па футболе заўзятары з розных краінаў адкрываюць для сябе беларускую Вышэйшую лігу: замежныя каналы набываюць правы на трансляцыю гульняў, а букмекеры адзначаюць шматразовы рост ставак на матчы беларускіх камандаў.

Новости
«Перед каждой игрой несколько тестов на коронавирус». Как проходит чемпионат по футболу
2020.03.30 19:10

Жыхары аўстралійскага гораду Адэлаіда вырашылі заўзець за клуб з сёмага радку сёлетняй турнірнай табліцы мабыць праз назву: па-ангельску яна сугучная з грубым выразам «slut» – «шлюха».

Matt Roberts из США предложил новый флаг команды

«Слуцк – пакуль я не памру!»

Новыя фанаты ствараюць лагатыпы і крычалкі на ангельскай мове пра «Слуцк» і яго супернікаў, робяць пераклічкі і ламаюць галаву, як здабыць клубную атрыбутыку ва ўмовах пандэміі, нават раздумваючы распачаць яе вытворчасць у Аўстраліі.

Супрацоўнік службы бяспекі на гарадскім стадыёне Слуцку падчас матчу паміж ФК «Слуцк» и «Славіяй» (Мазыр). 22 сакавіка 2020 года.
Фота: Васіль Фядосенка / Reuters / Forum

Некаторыя жыхары Адэлаіды нават прапаноўваюць усталяваць сувязь з уладамі Слуцка, каб наладзіць братэрскія сувязі паміж гарадамі.

У размове з «Белсатам» прэсавая служба клубу заяўляе, што нечаканая папулярнасць дадае аптымізму ўсёй камандзе, а неўзабаве «Слуцк» збіраецца адрэагаваць на сітуацыю, каб падбадзёрыць новых заўзятараў.

«Не хочам ладзіць з гэтай неардынарнай гісторыі недоўгатэрміновы «хайп», а шчыра хочам, каб гэтыя заўзятары засталіся з камандай і пасля заканчэння сусветнае эпідэміі, нават калі ўвесь сусветны футбол вернецца з каранціну, – распавялі ў клубе. – Рыхтуем прадуманую рэакцыю ў адказ, і не толькі для замежнага фан-клубу, але і для нашых мясцовых заўзятараў, якія не пакідаюць каманду ў гэтак цяжкую хвіліну. Дзякуй усім ім».

Фанаты «Слуцку» падтрымліваюць каманду ў матчы супраць мазырскай «Славіі».
Фота: Наталля Фядосенка / ТАСС / Forum

«Слуцк» упершыню сустракаецца з гэткай маштабнаю зацікаўленасцю з іншага паўшар’я, хаця ў нас, напрыклад, ёсць заўзятар з Уэльсу, які прыязджаў у наш горад і наведваў хатні матч каманды», – дадаюць у клубе.

Пакуль замежнікі ствараюць мемы і выконваюць гімны ў гонар клуба, беларускія карыстальнікі «Фэйсбуку» працягваюць настойваць на тым, што назва клуба па-ангельску напісаная з памылкай.

«Слуцк – пакуль я не памру! Я…ць БАТЭ». Брытанец Крыс Нэпэлм апублікаваў у группе «FK Slutsk Worldwide» малюнак, прысвечаны ягонай любімай камандзе

Справа ў тым, што варыянт «Slutsk» ідзе насуперак як правілам транслітарацыі класічнай беларускай лацінкай (было б «Słuck»), гэтак і транслітарацыі лацінкай афіцыйнай, зацверджанай у 2007 годзе Дзяржкамітэтам па зямельных рэсурсах, геадэзіі і картаграфіі і рэкамендаванай да выкарыстання ААН у 2012 годзе («Sluck»).

У размове з «Белсатам» клуб прызнаецца, што змену назвы пакуль не абмяркоўвае.

«Але пазней звернем увагу на гэты момант», – дадаюць у камандзе.

Новых жа заўзятараў цікавіць толькі адно: ці зможа «Слуцк» заняць у турніры першае месца.

Абаронца «Слуцку» Сулейман Каанда і паўабаронца «Славіі» (Мазыр) Андрэй Чуклей вядуць барацьбу за мяч падчас матчу 1-га туру сёлетняга чэмпіянату. 22 сакавіка 2020 года.
Фота: Наталля Фядосенка / ТАСС / Forum
  • Футбольнаму клубу «Слуцк» (да 2011-га – «Слуцкцукар») сёлета споўніцца 22 гады. Да 2007-га каманда грала ў чэмпіянаце Менскай вобласці і двойчы станавілася чэмпіёнам. Паводле вынікаў 2010 года выйшла ў Першую лігу. З 2014-га – у Вышэйшай лізе.

Дзяніс Дзюба, Зміцер Міцкевіч belsat.eu

Стужка навінаў