Слупы ў гонар Канстытуцыі 3 траўня: праўда ці міф?


Дзень Канстытуцыі 3 траўня ўшаноўваюць сёння ў Польшчы і Літве. У Беларусі, аднак, другую ў свеце канстытуцыю не лічаць нацыянальным здабыткам. Мы ж выправіліся па Гарадзенскай вобласці ў пошуках слупоў, якія некалі ўсталёўваліся па ўсёй Рэчы Паспалітай у гонар наватарскага дакументу.

Больш за год таму ў Менску адбылася прэзентацыя каталога «Слупы Славы ў гонар Канстытуцыі 3 траўня», які стварыла супрацоўніца Пасольства Рэспублікі Польшча Эльжбета Інеўска. Падзея гэта была выключнай, бо ніхто дагэтуль не звяртаў увагу на загадкавыя слупы, раскіданыя па розных кутках краіны. Аўтар працавала над кнігай два гады і ў выніку прадставіла спіс 16 слупоў, якія, на яе думку, будаваліся ў канцы ХVIII ст., менавіта ў гонар травеньскай канстытуцыі.

Калона каля вёскі Ятвеск на мяжы Шчучынскага і Мастоўскага раёнаў.
Фота: Васіль Малчанаў / «Белсат»

Такія калоны і маленькія каплічкі ў гонар Канстытуцыі 3 траўня будаваліся галоўным чынам побач са шляхецкімі маёнткамі. Яны мелі розную форму і кшталт, аднак усе былі сведчаннем патрыятызму фундатараў. У Беларусі магло паўстаць каля 300 такіх аб’ектаў, большасць з якіх сёння не захавалася.

Каб пабачыць на свае вочы двухсотгадовыя калоны, а таксама правесці сваё «расследаванне» іх паходжання, мы выправіліся ў тры мясцовасці са спісу, апублікаванага на інтэрнэт-старонцы Польскага консульства ў Беларусі.

Царыца, Напалеон ці замураваная дзяўчына?

Першы прыпынак – вёска Ятвеск (Шніпкі), што знаходзіцца ў Шчучынскім раёне. Велічны цагляны слуп вышынёй каля 10 метраў нерухома стаіць сярод поля з маладой пшаніцай.

Калона каля вёскі Ятвеск на мяжы Шчучынскага і Мастоўскага раёнаў.
Фота: Васіль Малчанаў / «Белсат»

Зусім побач – дамы амаль памерлай вёскі, дзе засталося ўсяго некалькі жыхароў. Жыхар Ятвеску Андрэй распавёў, што яшчэ некаторы час таму адсылаў запыт з каардынатамі ў «Google мапы» і на сайт radzima.org. Як ні дзіўна, мужчыне прыйшоў адказ, што гэты слуп паставілі на загад царыцы Кацярыны II у якасці абазначэння гандлёвага шляху. Дарэчы вёска Ятвеск знаходзіцца на самай мяжы Мастоўскага і Шчучынскага раёнаў.

Мясцовы жыхар Ятвеска Андрэй, які цікавіўся паходжаннем калоны ў Ятвеску.
Фота: Васіль Малчанаў / «Белсат»

«На жаль людзей, якія могуць нешта распавесці, ужо няма. Пра канстытуцыю ўпершыню чую. Недзе пісалі таксама, што па загадзе Напалеона слуп паставілі, але тут увесь час людзі з металашукальнікамі ходзяць, кажуць, што Напалеонам і не пахла. Была легенда, што дачка пана кагосьці пакахала, не давалі ёй замуж выйсці і яе замуравалі. Тут дарэчы побач у Алешавічах палац некалі быў, сёння ўжо не існуе. Карацей, незразумела. На слупе ёсць заглыбленне, то кажуць, што ікона там была. Неяк прыязджала машына з дыпламатычнымі нумарамі, дык хоць завалы каля слупа потым разграбалі. Увогуле яшчэ раней яго хацелі знесці, але бульдозер не ўзяў. Такі моцны слуп», – кажа Андрэй.

Як аказалася пазней, шмат старажытных памятных калон апісалі беларускія даследчыцы Людміла Дучыц і Ірына Клімковіч. У адным са сваіх артыкулаў гісторыкі апісваюць і слуп у Ятвеску. Даследчыцы ўзгадваюць, што ў літаратуры канца ХІХ ст. калону называлі Шведскі або Напалеонаўскі слуп. Апроч таго зафіксавана некалькі паданняў: на гэтым месцы быў горад; слуп быў знакам нейкай мяжы; пан замураваў дачку, каб не ішла замуж за беднага селяніна.

Калона ў гонар Канстытуцыі 3 траўня ў Песках.
Фота: Васіль Малчанаў / «Белсат»

Дарэчы, сапраўды побач з Ятвескам у Алешавічах некалі стаяў вялікі палац Незабытоўскіх, які на пачатку Другой сусветнай вайны ўзарвалі савецкія жаўнеры. Існуе легенда, што палац пабудавалі менавіта з мэтай прыняць у ім караля Станіслава Аўгуста Панятоўскага, які паляваў у гэтых краях.

Ёсць нагода дадаць, што ў Алешавічах нарадзіўся беларускі грамадска-культурны дзеяч у Літве Хведар Нюнька, а таксама Караль Канстанцінавіч Незабытоўскі – дзяржаўны і палітычны дзеяч Расейскай імперыі і Польшчы, «краёвец», Міністр сельскай гаспадаркі Польшчы 1926-1929 гг.

Калона Сапегаў у Песках

Другую калону мы знайшлі ўжо ў Мастоўскім раёне ў вёсцы Пескі. Цагляны слуп стаіць не ў самой вёсцы, а на старых каталіцкіх могілках каля лесу. Памерам яна прыкладна такая ж, як і калона ў Ятвеску. Інфармацыя пра яе гісторыю амаль адсутнічае. Вядома толькі, што яшчэ пачынаючы з XVII ст. Пескамі валодалі Сапегі, якія пабудавалі тут касцёл Унебаўзяцця Найсвяцейшай Марыі Панны. Тут існаваў замак. Адным са стваральнікаў Канстытуцыі 3 траўня быў лідар шляхты ВКЛ маршалак канфедэрацыі Вялікага Княства Літоўскага князь Казімір Нестар Сапега. Не выключана, што прадстаўнікі роду ў Песках былі на баку дзеяча і таксама паставілі памятную калону на знак свайго патрыятызму і падтрымкі караля.

Слуп Радзівілаў у Жырмунах

Калона ў Жырмунах побач з руінамі палаца Радзівілаў.
Фота: Васіль Малчанаў / «Белсат»

Апошнюю ў нашым падарожжы калону мы знайшлі недалёка ад вёскі Жырмуны ў Лідскім раёне. Калона стаіць каля лесу ў 2-х км ад былога маёнтку Радзівілаў. Наверсе гэтай калоны некалі была прымацавана скульптура св. Яна з кнігай, крыжам і мячом у руках. Мясцовыя так яе і называюць – калона Яна Хрысціцеля. Сёння наверсе слупа выступае толькі кавалак жалезнага кала.

Некалі на слупе ў Жырмунах стаяла скульптура св. Яна Хрысціцеля.
Фота: Васіль Малчанаў / «Белсат»

Уражваюць руіны старажытнай сядзібнай брамы, як напамін аб недабудаваным палацавым комплексе Радзівілаў. Побач пасецца вялікі статак кароў. Навокал – цішыня, паколькі дамы бліжэйшых вёсак знаходзяцца досыць далёка ад гэтага Богам забытага месца.

Руіны палаца Радзівілаў у Жырмунах.
Фота: Васіль Малчанаў / «Белсат»
Руіны сядзібнай брамы ў Жырмунах.
Фота: Васіль Малчанаў / «Белсат»

Год назад мясцовыя ўлады вырашылі знесці цагляныя руіны. Супраць зносу трохсотгадовай брамы выказаліся мясцовыя жыхары і зараз гісторыкамі і спецыялістамі вядзецца праца па даследаванні гэтага месца, якое ў свой час чамусьці не ўключылі ў спіс гістарычных помнікаў архітэктуры Беларусі.

Калона каля вёскі Ятвеск на мяжы Шчучынскага і Мастоўскага раёнаў.
Фота: Васіль Малчанаў / «Белсат»

Князь Станіслаў Радзівіл пачаў будаваць палац у Жырмунах у другой палове ХVІІІ ст. Аднак хутка памёр і будаўніцтва засталося няскончаным. Можна было б меркаваць, што князь, жадаючы выказаць сваю падтрымку каралю Станіславу Аўгусту Панятоўскаму таксама, як і многія іншыя шляхцічы, вырашыў пабудаваць калону ў гонар Канстытуцыі 3 траўня.

Руіны палаца Радзівілаў у Жырмунах.
Фота: Васіль Малчанаў / «Белсат»
Руіны палаца Радзівілаў у Жырмунах.
Фота: Васіль Малчанаў / «Белсат»

Аднак даты не сходзяцца. Уладальнік маёнтку памёр яшчэ ў 1787 годзе, а як сцвярджае лідскі краязнаўца Лявон Лаўрэш, калона існавала ўжо ў 1784 годзе. Яшчэ два гады таму ў сваім артыкуле для pawet.net, даследчык піша, што гэта калона не Яна Хрысціцеля, а Арханёла Рафаіла, статуя якога раней стаяла на слупе. Як піша Лаўрэш, пасля 1945 году доўгі час на слупе стаяла драўляная скульптура чалавека са скрыпкай, якую і лічылі св. Янам.

Калона каля вёскі Ятвеск на мяжы Шчучынскага і Мастоўскага раёнаў.
Фота: Васіль Малчанаў / «Белсат»

Канстытуцыя 3 траўня была ўтворана згодна з прынцыпамі Асветніцтва, у ёй упершыню на заканадаўчым узроўні прагучала слова «народ». Канстытуцыя была апошнім шанцам рэфармаваць і выратаваць Рэч Паспалітую, аднак гісторыя вырашыла інакш. У 1793 годзе адбыўся другі падзел некалі магутнай і грознай краіны, а праз два гады – трэці і апошні. З таго часу Польшча атрымае незалежнасць толькі праз стагоддзе, а Беларусь – праз два.

Руіны палаца Радзівілаў у Жырмунах.
Фота: Васіль Малчанаў / «Белсат»

Калоны ў гонар 3 траўня – адны з самых цікавых помнікаў Рэчы Паспалітай у Беларусі, аднак, відавочна, што гэтая тэма патрабуе глыбокага даследавання і вывучэння.

Саджалка недалёка закінутага былога палацавага комплекса ў Жырмунах.
Фота: Васіль Малчанаў / «Белсат»

Паўліна Валіш belsat.eu

Стужка навінаў