«Слуга народа» Зяленскага. З кім створыць кааліцыю пасля выбараў?


Дваццаць першага ліпеня ўкраінцы прагаласуюць на датэрміновых выбарах у Вярхоўную Раду. Туды цэляць адразу дзве новыя палітычныя сілы: партыя прэзідэнта «Слуга народу» і партыя вядомага рок-выканаўцы Святаслава Вакарчука пад назваю «Голас». Папрэдні прагноз палітычных зменаў ва Украіне ад Усевалада Шлыкава.

Зяленскі і ягоная партыя – дасюль на паслявыбарчай хвалі. Калі б выбары ў распушчаную ў першы дзень прэзідэнцтва новага ўкраінскага лідара Вярхоўную Раду адбыліся сёння, названая паводле серыялу, у якім здымаўся Уладзімір Зяленскі, партыя набрала б каля траціны галасоў выбарнікаў – пра гэта кажа апошняе апытанне сацыялагічнае групы «Рэйтынг». Ёсць лагатып – сілуэт прэзідэнта з булавою на ровары, ідэалогія – кажуць, што лібертарыянства. Не стае толькі… людзей.

Міхаіл Фёдараў, пазаштатны дарадца прэзідэнта Украіны:

«Кожны кандыдат, які хоча… патэнцыйны кандыдат, які хоча стаць кандыдатам ад нашай партыі, ён можа падаць заяўку на сайце, як тое было падчас прэзідэнцкае кампаніі».

Зяленскаму адсутнасць рэальнае праграмы і недасведчанасць не перашкодзіла стаць прэзідэнтам. Але пакуль людзі гатовыя галасаваць хутчэй за ідэю, чымся за партыю.

Віталій Портнікаў, публіцыст, Кіеў:

«Ніякія людзі з партыі «Слуга народу» без Уладзіміра Зяленскага проста не могуць існаваць у палітыцы. Гэта тыповы правадырскі праект, толькі цяпер ролю правадыра замест Цімашэнкі, Парашэнкі ці Януковіча грае Уладзімір Зяленскі. Натуральна, што ніякае партыі не існуе, гэта абсалютна віртуальны праект».

Гэта не замінае ледзь не траціне ўкраінскіх выбарнікаў звязваць свае надзеі менавіта з гэтай палітычнай сілай. А дакладней – усцяж з яе адзінай распазнавальнай асобаю.

Любамір Мысіў, намеснік дырэктара Сацыялагічнай групы «Рэйтынг»:

«Перамога Зяленскага была звязаная з пратэстам супраць тагачаснага прэзідэнта, але на сёння гэты пратэст трансфармаваўся ў запыт на змены – паколькі аб’ект пратэсту знік. Таму менавіта тыя партыі, што запрапануюць найбольш новых твараў, будуць мець найбольшыя шанцы на тое, каб трапіць у парламент».

Часу ў гэтых новых асобаў – няшмат. Зяленскі мусіў распусціць Вярхоўную Раду дзеля хутчэйшых выбараў, бо інакш…

«Калі б выбары былі ўвосень, то зразумела, што гэтая партыя ўжо б згубіла ўвесь свой патэнцыял, бо большасць украінцаў бы ўжо зразумела, што ім няма чаго чакаць ад Уладзіміра Зяленскага», – упэўнены Віталій Портнікаў.

Таму камандзе «ЗЕ» застаецца прасоўваць стары лозунг пра змены, пра новыя твары і супрацьстаянне старым асобам ва ўкраінскай палітыцы.

Аляксандр Карніенка, каардынатар партыі «Слуга народу»:

«Нашыя апаненты – гэта старыя палітыкі, яны намагаюцца стварыць уражанне, што акрамя іх дзяржаваю няма каму кіраваць. Асабліва гэта тычацца мажарытарных акругаў, дзе стае вельмі дасведчаных гаспадарнікаў, якія дзесяцігоддзямі там сядзяць».

Справа тут не столькі ў асобе нядаўна абранага прэзідэнта, колькі ў чаканнях украінскага электарату і спецыфіцы мясцовых выбарчых кампаніяў.

Любамір Мысіў, намеснік дырэктара сацыялагічнай групы «Рэйтынг»:

«Украінскія прэзідэнты пасля Кучмы не заставаліся на другі тэрмін, бо грамадства вельмі хутка ў іх расчароўвалася. Хто б ні прыходзіў да ўлады, вельмі шмат абяцаў, і невыкананне гэтых абяцанак, натуральна, грае не на руку».

Петыцыя на сайце ўкраінскага лідара за ягоную ж адстаўку за адзін дзень набрала неабходныя для разгляду 25 тысяч галасоў. Нашыя адмыслоўцы не даюць шмат часу даверу да новага прэзідэнта. На кіеўскіх вуліцах мы шукалі кагосьці задаволенага сваім волевыяўленнем. Хоць калісьці.

Кіеўскія мінакі:

«Праз нейкі момант ты заўсёды ў іх расчароўваешся. Бо калі палітыкі ідуць на выбары, яны ўсе такія белыя і пухнатыя, а праз месяц-другі ўжо зразумела, што робяць усё па-старому».

«Рэч у тым, што мае кандыдаты збольшага не перамагалі на выбарах. Але здаралася, што я галасавала за меншае зло, і гэтае зло рабіла менш дрэннага, чымся ягоны супернік».

«Я за сваё жыццё галасавала толькі аднойчы. І, на жаль, я вельмі расчаравалася. Мне было вельмі шкада, што мой першы раз скончыўся… так сказаць – няўдала».

«Не было такога. Усе расчаравалі. Усе кіроўныя партыі, што былі ва ўладзе. Ад іх чакалі аднаго, а ў выніку… маем тое, што маем».

Спрабуе выкарыстаць незадаволенне старымі палітыкамі і партыя «Голас» лідара рок-гурта «Океан Ельзи» Святаслава Вакарчука.

«Старая палітыка – гэта сляпая вера ў новага прэзідэнта. Мы праходзілі гэта ў 2004 і ў 2014 гадах, і мы ўсвядомілі сабе, што новага прозвішча ў прэзідэнцкім кабінеце – недастаткова», – упэўнены лідар партыі Вакарчук.

Аднак партыя спевака пакуль мае падтрыманне на ўзроўні статыстычнае памылкі. Затое парог пяць адсоткаў на сёння праходзіць партыя Юліі Цімашэнка – каля сямі адсоткаў электаральнага даверу. Блок Пятра Парашэнкі мае на адсотак лепшы вынік, а на другім месцы… «Апазіцыйная платформа». Ледзь не дзесяць адсоткаў выбарнікаў гатовыя падтрымаць былых паплечнікаў Віктара Януковіча. Магчыма, тое будзе, як кажуць, канструктыўная апазіцыя.

«Паміж гэтымі дзвюма палітычнымі сіламі можа ўзнікнуць кааліцыя і ўзаемапаразуменне або прыхаваная кааліцыя, калі «Апазіцыйная платформа» не ўвойдзе ў парламент, але будзе падтрымліваць ініцыятывы Зяленскага, якія будуць рэальна садзейнічаць дэмантажу ідэалаў Майдану. Гэта цалкам магчыма, бо цывілізацыйна – гэтыя людзі вельмі блізкія адзін да аднаго», – мяркуе Віталій Портнікаў, публіцыст з Кіева.

Украінцы абіраюць 450 дэпутатаў тэрмінам на пяць год. Палова пойдзе паводле партыйных спісаў: галасуюць за палітычную сілу, а не за канкрэтную асобу. А палова – паводле мажарытарных акругаў. І такія дэпутаты часцяком становяцца навечна звязаныя са спонсарамі сваіх выбарчых кампаніяў.

Віталій Портнікаў:

«Для ўкраінскага грамадства ўдзел у палітычнай барацьбе – гэта заўсёды доступ да фінансавых плыняў, шанец выправіць сваю сітуацыю. Палітыка – гэта такі сацыяльны ліфт».

Уласна, таму Зяленскі спрабаваў адмяніць мажарытарную сістэму. Без распазнавальных твараў мажарытарныя акругі будуць для «слуг народу» цяжкім полем бою. Вярхоўная Рада без цяжкасцяў такі законапраект адкінула. То бок нават калі людзі Зяленскага і возьмуць траціну на партыйных акругах, займеюць толькі траціну ад паловы парламенту. А гэта адкрывае магчымасці для самых нечаканых кааліцыяў і хаўрусаў ужо гэтым летам.

Сюжэт паказалі ў праграме «ПраСвет» 31.05.2019

Стужка навінаў