Слоўнік лукашэнкаўца: нястрашныя словы для страшных рэчаў

Кожны ведае, што раз на год на дзвярах пад’езду з’яўляецца абвестка: «У сувязі з рамонтнымі работамі будзе праведзена адключэнне гарачай вады з… Адміністрацыя». Для чаго робяцца працы? Чаму кожны год? Чаму ў Еўропе нічога не адключаецца? Незразумела.

Нават калі не лезці ў нюансы працы водаканалу і не разбірацца ў якасці трубаў, абвестку можна было б напісаць па-іншаму: «Мы змушаныя адключыць у вашым доме гарачую ваду, бо рамантуем трубы. Калі гэтага не зрабіць, то будзе аварыя. Больш якасныя трубы мы, на жаль, не можам сабе дазволіць. Прыносім свае прабачэнні, адміністрацыя». Сэнс той жа, але падача – іншая.

Нядзельнае шэсце
«Народная інаугурацыя» Ціханоўскай у Менску. 27 верасня 2020 года.
Фота: Аліса Ганчар / belsat.eu

Падобную манеру мы назіраем паўсюдна: «Адміністрацыя не нясе адказнасці за захаванасць рэчаў…», «Паленне строга забароненае…» і г. д. Хоць можна было напісаць: «У нас няма відэакамераў, каб не парушаць вашай прыватнасці, таму сачыце за сваімі рэчамі». Або: «Побач вокны класу, у якім займаюцца дзеці, таму просім вас адыходзіць паліць за 50 м». Сэнс той самы, але з’яўляецца тлумачэнне, адказ на пытанне «Чаму?». З’яўляецца павага да адрасата.

«Незарэгістраваная сімволіка» ці «нацыянальны сцяг»?

Усё гэта – толькі найніжэйшая ступень дзяржаўнай піраміды. Найніжэйшая ступень эўфемізмаў, якімі карыстаюцца чыноўнікі з верху да самага нізу. Чаму так? Сэнс эўфемізму ў тым, каб сказаць нешта важнае, не кажучы нічога па сутнасці. Сказаць гэта без павагі. Сказаць з п’едэсталу, зверху ўніз. Словам ударыць па руках: не лезь, цярпі!

У перыяд пратэстаў мы назіраем фантан дзяржаўных эўфемізмаў (чытай – прыхаванай хлусні). Што мы чуем ад важных дзядзяў і цёцяў з пагонамі і без? Вось што:

  • «Прайшоў несанкцыянаваны мітынг»
  • «Былі ўжытыя спецсродкі»
  • «Быў праведзены дагляд на прадмет наяўнасці шыльных і лязовых прадметаў»
  • «Інцыдэнт»
  • «Незарэгістраваная сімволіка»
  • «Была праведзеная выхаваўчая праца»А як насамрэч? А вось як:
  • «Людзі выйшлі на пратэст, якога не дазволіла міліцыя»
  • «Людзей білі, залівалі газам, расстрэльвалі, трушчылі прыватныя аўтамабілі»
  • «Людзей абшуквалі»
  • «Сутычка, бойка»
  • «Нацыянальны сцяг»
  • «Затрыманых катавалі»…

«Спецсродкі» ў Бухэнвальдзе

Магчыма, гэта і не важна зусім? Якая розніца, «ужылі спецсродкі» ці «збілі»? Чалавеку, які адхапіў дручком па галаве, што да гэтага? Шнары на патыліцы не зарастуць…

А вось і не. Важна! Калі мы ўжываем лексіку апанента, то гуляем паводле ягоных правілаў. А калі размова пра вулічныя акцыі, то, карыстаючыся філалагічна-юрыдычнымі канструкцыямі ўладаў, фактычна прызнаем іх права на гвалт. Прызнаем законнасць усяго, што адбываецца.

Нядзельнае шэсце
«Народная інаугурацыя» Ціханоўскай у Менску. 27 верасня 2020 года.
Фота: Аліса Ганчар / belsat.eu

Уявіце сабе, каб у ангельскай ці амерыканскай газеце ў 1945-м з’явіўся такі пасаж: «У Бухэнвальдзе нямецкія праваахоўнікі рэгулярна праводзілі выхаваўчую працу адносна парушальнікаў закону. Для тых, хто адмаўляўся выконваць законныя патрабаванні адміністрацыі, ужываліся спецсродкі. Падчас выканання сваіх наўпроставых абавязкаў некаторыя праваахоўнікі атрымалі траўмы і цяпер праходзяць лячэнне…»

Цяжка сабе ўявіць, праўда? Немагчыма. Хіба нейкі агент Абвэру пракраўся б у рэдакцыю «Times», а рэдактар праспаў бы выхад нумару. Тым не менш, некаторыя нават недзяржаўныя СМІ ў Беларусі дагэтуль калі-нікалі капіююць слоўнік дзяржпрапаганды: «спецсродкі», «несанкцыянаваная сімволіка» і г. д. Усё самі. Ніякага Абвэру не трэба!

Нястрашныя словы для страшных рэчаў

Навошта дзяржаве, усім гэтым прэс-сакратарам і тэлеграм-каналам сілавікоў слоўнік эўфемізмаў? Каб захаваць выгляд законнасці. Каб ніхто нічога не зразумеў. Каб падтрымліваць сакральнасць улады: мова эўфемізмаў для постсавецкай прасторы – гэта як стараславянская для Праваслаўнай Царквы ці лаціна для Касцёлу. Калі ты пішаш і кажаш менавіта ТАК, значыць – ты легітымны, а ўсё прамоўленае – мае магічную сілу.

Што рабіць? Як мінімум не капіяваць усяго гэтага. Бо калі капіюеш і пускаеш падобныя абароты далей, то і сам пачынаеш так думаць. Бо эўфемізмы – гэта набор нястрашных словаў для страшных рэчаў. Набор, які не ўтрымлівае рашэння праблемы. Прасцей кажучы, набор хлусні, якая мае назаўжды сысці ў нябыт разам з усёй гэтай сістэмай.

Hавiны
«Ударылі па галаве, селі на плечы». Сёння з больніцы выходзіць магілёвец, які пацярпеў на нядзельным маршы
2020.09.30 11:20

Алесь Кіркевіч belsat.eu

Рэдакцыя можа не падзяляць меркавання аўтара.

Стужка навінаў