Следства выявіла месца ўзнікнення пажару ў Нотр-Дам


Пасля аналізу аматарскіх відэаздымкаў і допыту сведак, французскія следчыя вызначылі, адкуль пачаўся пажар, у выніку якога нанесены вялізарны ўрон парыжскаму сабору Нотр-Дам. Паводле тэлеканалу CNN, пажар пачаўся ў цэнтры даху сабора непадалёку ад асновы згарэлага шпілю.

Следства дэталёва вывучае працу датчыкаў пажарнай сігналізацыі, якія, відавочна, не спрацавалі належным чынам, паведамляе dw.com. На момант выяўлення пажару вышыня агню складала ўжо тры метры, што перашкодзіла тушэнню. Супрацоўнікі бяспекі, якія працавалі ў той момант у саборы пачулі першы сігнал трывогі а 18:15 і праверылі меркаванае месца пажару, але не пабачылі агню. Толькі а 18:43, пасля паўторнага сігналу трывогі, яны падняліся наверх, дзе і выявілі пажар.

У выніку пажару сабор Парыжскай Божай Маці, які з’яўляецца адным з сімвалаў Парыжа, моцна пацярпеў. Дах абрынуўся на дзве траціны, разбураныя гадзіннік і шпіль, вакол якога размяшчаліся скульптурныя групы з 12 апосталаў і чатырох крылатых тэтраморфаў – сімвалаў евангелістаў.

Былі ўратаваныя ад агню цярновы вянок Ісуса Хрыста – адна з галоўных хрысціянскіх рэліквіяў. Ад абвальвання ўдалося выратаваць асноўную апорную канструкцыю, вежы галоўнага фасада, а таксама званы.

Нотр-Дам-дэ-Пары штогод наведваюць каля 13 мільёнаў чалавек. Будаўніцтва сабору распачалося ў 1163 годзе і працягвалася з перапынкамі да 1345 года. Вядомасці архітэктурнага збудавання спрыяў раман Віктара Гюго «Сабор Парыжскай Божай Маці», апублікаваны ў 1831 годзе.

Фота
«Нотр-Дам-дэ-Гары»: інтэрнэт амаль патануў у слязах
2019.04.16 12:27

СК belsat.eu

Стужка навінаў