«Следства не заўсёды патрабуе арыштаў». ЕЗ заклікае вызваліць затрыманых журналістаў


Штаб-кватэра Рады Еўропы ў Страсбуры

Прэсавы сакратар генеральнага сакратара Рады Еўропы адрэагаваў на затрыманні журналістаў рэдакцыяў TUT.BY і БелаПАН.

У заяве чыноўніка гаворыцца, што інфармацыя пра ператрусы і арышты ў вядомых беларускіх медыях «выклікае моцную заклапочанасць Рады Еўропы».

«Заканадаўства трэба паважаць, але расследавання не заўсёды патрабуюць арыштаў, – яны павінныя выкарыстоўвацца ў якасці канчатковага інструмента», – вядзецца ў дакуменце.

«Мы заклікаем беларускія следчыя органы забяспечыць хуткае і празрыстае расследаванне. Мы таксама заклікаем вызваліць усіх арыштаваных журналістаў. Свабода сродкаў масавай інфармацыі зʼяўляецца адным з найважнейшых правоў чалавека ў дэмакратычным грамадстве. Іх варта паважаць паўсюль у Еўропе», – гаворыцца ў заяве.

Своеасаблівым адказам Радзе Еўропы стаў адказ прэсавага сакратара Міністэрства замежных справаў Анатоля Глаза на пытанне журналістаў агенцтва «Россия сегодня».

Паводле МЗС, «справа БелТА» адносіцца да кампетэнцыі Следчага камітэта.

«Не варта шукаць нейкай іншай падаплёкі або «падводных камянёў» – сітуацыя ніякім чынам не ляжыць у палітычнай плоскасці і не мае ніякага дачынення да пытаннях свабоды медыяў або журналісцкай дзейнасці ў Беларусі, – заявіў Анатоль Глаз. – Наколькі нам вядома, мова вядзецца пра тое, што фігурантаў расследавання падазраюць ў банальным неправамерным выкарыстанні доступу да платнай інфармацыі. Гэта асабліва прававое пытанне і праз гэту прызму яго трэба разглядаць».

7 жніўня Следчы камітэт правёў ператрусы ў офісах TUT.BY і БелаПАН. Супраць асобных працаўнікоў гэтых медыяў распачатая крымінальную справу паводле ч. 2 арт. 349 Крымінальнага кодэксу («Несанкцыянаваны доступ да камп’ютарнай інфармацыі, зроблены з іншай асабістай зацікаўленасці, які пацягнуў прычыненне істотнай шкоды»). Журналістаў падазраюць у неправамерным карыстанні платнай падпіскай агенцтва «БелТА».

Рада Еўропы спрыяе супрацы ў галіне абароны правоў чалавека, развіцця дэмакратыі і ўмацавання вяршэнства права ўва ўсіх краінах-чальцах Рады.

ДД

Стужка навінаў