Спынілі крымінальны пераслед супраць дзвюх журналістак па «справе БелТА»


26 лістапада Следчы камітэт задаволіў хадайніцтвы журналістак Ульяны Бабаед і Таццяны Каравянковай аб спыненні крымінальнай адказнасці з прыцягненнем да адміністратыўнай адказнасці. Іх абвінавачвалі ў несанкцыянаваным доступе да камп’ютарнай інфармацыі БелТА.

Каравянкова паведаміла «Белсату», што сплаціла ўсю выстаўленую Следчым камітэтам суму для кампенсацыі – каля пяці тысячаў рублёў.

Апроч кампенсацыі шкоды, абедзве журналісткі заплацілі штраф па Br 735 (30 базавых велічыняў) кожная.

На мінулым тыдні СК задаволіў такія ж хадайніцтвы карэспандэнта «Нямецкай хвалі» Паўлюка Быкоўскага і рэдактара парталу Realy.by Уладзіслава Кулецкага.

Цяпер журналісты знаходзяцца ў статусе сведкаў.

7–9 жніўня ў офісах Tut.by і БелаПАН прайшлі ператрусы і затрыманні паўтара дзясяткаў журналістаў, якія правялі па некалькі сутак у ізалятары часовага ўтрымання на Акрэсціна.

27 жніўня большасці падазраваных забаранілі выязджаць з краіны.

Цяпер журналістам пагражаюць турэмныя тэрміны і штрафы, сумы выстаўленых кампенсацыяў вагаюцца ад Br 3000 да 17000.

Следчы камітэт падазрае іх у тым, што яны ажыццяўлялі несанкцыянаваны доступ да камп’ютарнай інфармацыі БелТА. Незалежныя аналітыкі перакананыя, што справа з’яўляецца спробай уладаў запалохаць і ўзяць пад кантроль галоўныя недзяржаўныя медыі, і нават называюць «справу БелТА» справай Tut.by.

ДД

Стужка навінаў