Следчыя правяраюць у РФ кліп татарскай спявачкі, зняты на фоне мячэці


Адзін з імамаў назваў татарскую спявачку Рэзеду Ганіуліну «ганьбай татарскага народу». Услед за гэтым Следчы камітэт Татарстану пачаў праверку кліпа на «абразу пачуццяў вернікаў».

Кліп на песню «Жаным» («Любімы») абурыў рэлігійных дзеячаў Татарстану. Відэа было знята ў горадзе Балгар – сакральнай месцы для татарскіх мусульманаў. Балгар уключаны ў спіс Сусветнай спадчыны ЮНЕСКА, гэта культурны цэнтр старажытнай дзяржавы Волжская Булгарыя.

У кліпе, апублікаваным 19 верасня, Ганіуліна спявае і выконвае танец жывата на фоне мясцовай Белай мячэці. Некаторыя імамы Татарстану рэзка пракаментавалі відэазапіс.

«Час на тое, каб прыбраць відэакліп дадзены да заўтра. Хай прабачэння просіць у Алаха, яна не толькі танчыла на фоне мячэці, але і на яе тэрыторыі, што зʼяўляецца апаганеннем дому Алаха. Жанчыне такога сталага веку ўжо час прызадумацца аб сваёй веры і сваіх вытоках і традыцыях, а не трэсці сваёй галізной перад усімі», – напісаў 22 верасня ў сваім «Фэйсбуку» імам Сейджагфар Лутфулін.

«Мячэць – гэта не месца для танцаў», – заявіў у той жа дзень у сваім «Інстаграме» муфтый Татарстану Каміль Самігулін.

Следчы камітэт правярае кліп. Услед за выступамі рэлігійных дзеячаў на сайце СК Татарстану зʼявілася паведамленне аб следчай праверцы кліпа паводле артыкулу 148 Крымінальнага кодэксу РФ – у сувязі з магчымай «абразай пачуццяў вернікаў». Артыкул у цяперашняй рэдакцыі зʼявіўся пасля справы панк-групы «Pussy Riot», якая запісала відэа ў святыні Хрыста Збаўцы ў Маскве.

Спявачка паспрабавала папрасіць прабачэння за свой кліп. Рэзеда Ганіуліна выдаліла «Жаным» са сваёй старонкі ў YouTube і пракаментавала сітуацыю ў сябе ва «УКантакце»: «Кожны ўспрымае сітуацыю на меру сваёй сапсаванасці. Я на прафесійнай сцэне ўжо больш за дзесяць гадоў і прыклала нямала намаганняў, каб удасканальвацца. <…> Нягледзячы на тое, што я не чытаю пяць разоў на дзень намаз, ніводзін мой дзень не пачынаецца без слоў «Бісмілля» (аналаг хрысціянскага «З Божай дапамогай» – рэд). <…> Наша рэлігія іслам – самая чыстая, самая шчырая, самая прыязная. Калі гэты кліп закранае нечыя пачуцці, то я прыношу свае прабачэнні. Гэта мой сцэнічны вобраз».

МЯ, паводле meduza.io

Стужка навінаў