Следчым дазволілі бясконца зацягваць правяранне справаў

Новыя папраўкі ў Крымінальна-працэсуальны кодэкс дазваляюць следчым прыпыняць праверкі паводле крымінальных справаў на бясконцы час. Пра гэта ў Facebook паведаміў юрыст Сяргей Зікрацкі.

Змены ў КПК уступаюць у моц толькі з 14 красавіка. А вось норма, што дазваляе прыпыняць праверку на тэрмін больш за тры месяцы, пачала дзейнічаць ужо з 14 студзеня.

Раней праверка магла доўжыцца тры месяцы, яшчэ на тры месяцы яна магла быць прыпыненая. Такім чынам, шасцімесячны тэрмін з моманту падзеяў 9–11 жніўня 2020 года павінен быў скончыцца 9–11 лютага 2021 года. Цяпер жа змяненні ў КПК дазваляюць прыпыняць праверку на тэрмін больш як тры месяцы. Пры гэтым максімальны тэрмін прыпынення не ўсталяваны. Як вынік, пацярпелыя ў жніўні 2020 года ад дзеянняў сілавікоў беларусы могуць не пабачыць вынікаў праверкі паводле іхных заяваў.

Людзі ўцякаюць пасля выбуху дзвюх святлошумавых гранатаў на на скрыжаванні пр. Машэрава і вул. Ціміразева. Менск, Беларусь. 9 жніўня 2020 года. Фота: АВ / Vot Tak TV / Белсат

Юрыст Сяргей Зікрацкі адзначыў, што яшчэ ў жніўні было зразумела, што «следчыя органы могуць зацягваць рашэнне аб завядзенні крымінальнай справы».

«Але мы былі ўпэўненыя, што аднойчы яны ўсё ж такі вынесуць рашэнне – бо паводле КПК у іх ёсць тры месяцы на праверку. Так, мы памяталі і пра тое, што праверка можа быць прыпыненая ў шэрагу выпадкаў (напрыклад, для правядзення экспертызы), але тэрмін прыпынення таксама не можа перавышаць трох месяцаў. Таму па выніках шасці месяцаў мы спадзяваліся атрымаць або пастанову аб завядзенні справы, або аб адмове. Нават рашэнне аб адмове ў распачацці справы давала нам пэўныя механізмы – азнаямленне з вынікамі праверкі і абскарджанне такой адмовы. Мы не ўлічылі адной дэталі – правілы могуць змяніцца падчас гульні», – распавёў юрыст.

Пры гэтым ён адзначыў, што, на думку праваахоўных органаў, заяўнікі не маюць права знаёміцца з матэрыяламі праверкі да яе заканчэння.

«Менавіта таму маму Рамана Бандарэнкі ды ейнага адваката да гэтага часу не азнаёмілі з матэрыяламі праверкі», – падкрэсліў Сяргей Зікрацкі.

«Навінаў няма». Сястра Рамана Бандарэнкі напісала, што Генпракуратура працягвае праверку

Раней Вольга Кучарэнка, стрыечная сястра Рамана Бандарэнкі, напісала ў Instagram, што Генеральная пракуратура не бачыць падставаў распачынаць крымінальную справу з нагоды забойства Рамана Бандарэнкі, і праверка абставінаў смерці мужчыны, які загінуў 12 лістапада, працягваецца.

Дзяўчына адзначае, што ў ведамстве нават высвятлялі ўлюбёны алкагольны напой Рамана, а таксама, ці ведаюць сваякі паролі ад ягоных гэджэтаў.

«На запыты і хадайніцтвы Генеральная пракуратура дала шмат адмоваў, бо няма крымінальнай справы, таму маці Бандарэнкі не прызналі пацярпелай, і ёй нельга ні з чым азнаёміцца. Няма ні дня, каб я не думала пра яго. Амаль кожнае сваё дзеянне суправаджаю думкамі пра Рому», – піша Вольга Кучарэнка.

Плошча Пераменаў. Менск, Беларусь. 15 лістапада 2020 года. Фота: ТК / Белсат

МГ belsat.eu

Hавiны