Следчы камітэт затрымаў былога міністра гандлю Беларусі


Следчы камітэт расследуе крымінальную справу, звязаную з карупцыяй, у дачыненні да былога міністра гандлю Валянціна Чаканава.

Дзеянні падазраванага кваліфікаваныя па ч. 3 арт. 426 Крымінальнага кодэксу Рэспублікі Беларусь (перавышэнне ўлады і службовых паўнамоцтваў), падае сайт Следчага камітэту. Былога міністра затрымалі і змясцілі пад варту. Яго могуць пакараць пазбаўленнем волі на тэрмін ад 3 да 10 гадоў з канфіскацыяй або без канфіскацыі маёмасці.

Валянцін Чаканаў узначальваў міністэрства гандлю з 2009 года.

Васіль Півавар. Фота dvpn.gov.
Васіль Півавар. Фота dvpn.gov

Следчы камітэт расследуе таксама крымінальную справу ў дачыненні да былога намесніка міністра сельскай гаспадаркі і харчавання Васіля Півавара, узбуджаную па матэрыялах праверкі, праведзенай супрацоўнікамі КДБ.

Мужчыну абвінавацілі ў здзяйсненні злачынства, прадугледжанага ч. 3 арт. 424 Крымінальнага кодэксу Рэспублікі Беларусь (злоўжыванне ўладай ці службовымі паўнамоцтвамі). Яго таксама заключылі пад варту. Пакаранне паводле гэтага артыкулу прадугледжвае пазбаўленне волі на тэрмін ад 3 да 10 гадоў з канфіскацыяй або без канфіскацыі маёмасці.

Васіль Півавар быў намесніка міністра сельскай гаспадаркі і харчавання з сакавіка 2015-га.

МЯ, belsat.eu

Стужка навінаў