Следчы камітэт РФ: Нямцова забілі ўдзельнікі «устойлівай групы» з «неўстаноўленымі арганізатарамі»


Група для забойства Барыса Нямцова была арганізавана ў студзені 2015 года. Пра гэта паведамляе інфармацыйнае агенцтва «Росбалт», спасылаючыся на матэрыялы расследавання справы.

Паводле матэрыялаў следства, сачэнне за Нямцовым пачалося ў лютым, першапачаткова назіранне вялі трое арыштаваных – Анзор Губашаў, Заур Дадаеў і Біслан Шаванаў, а таксама «неўстаноўленыя асобы». Для вывучэння месца жыхарства і маршрутаў перамяшчэння палітыка выкарыстоўваўся спецыяльна набыты аўтамабіль ZAZ Sens.

Заур Дадаеў, якога следства лічыць выканаўцам, заяўляў на допытах, што быў гатовы забіць Нямцова за ягонае падтрыманне карыкатур на прарока Мухамеда бясплатна. Але нехта Руслік заплаціў за ліквідацыю палітыка 5 млн. рублёў (каля $83,5 тыс.). Пазней Дадаеў адмовіўся ад прызнання, заявіўшы, што на яго ціснулі.

Барыса Нямцова застрэлілі 27 лютага недалёка ад Крамля. У палітыка трапілі чатыры кулі, ён памёр на месцы. 13 сакавіка на дне Масквы-ракі былі знойдзены два пісталеты. Заказчыка не знайшлі, аднак паводле «Новай газеты», верагодным арганізатарам забойства Нямцова з’яўляецца чачэнскі маёр, набліжаны да сям’і Кадырава.

ДР, belsat.eu

Стужка навінаў