Следчы камітэт Расеі: Замоўца і арганізатар забойства Нямцова – Руслан Мухудзінаў


Следчы камітэт Расеі паведаміў аб заканчэнні расследавання крымінальнай справы аб забойстве расейскага апазіцыянера Барыса Нямцова.

«Сёння фігурантам крымінальнай справы абвясцілі пра заканчэнні следства, і ў найбліжэйшы час абвінавачаныя і іхныя абаронцы азнаёмяцца з матэрыяламі ў адпаведнасці з арт. 217 Крымінальна-працэсуальнага кодэксу РФ», – паведаміў афіцыйны прадстаўнік Следчага камітэту Расеі Уладзімір Маркін.

Ён адзначыў, што ў дачыненні да Руслана Мухудзінава – замоўцы і арганізатара здзейсненага злачынства, які з лістапада 2015-га года знаходзіцца ў міжнародным вышуку, а таксама іншых нявыяўленых асоб «крымінальную справу выдзелілі ў асобную вытворчасць для далейшага расследавання». Руслан Мухудзінаў служыў у чачэнскім батальёне ўнутраных войскаў МУС «Север», які ў 2010 годзе пераўтварылі ў спецыяльны матарызаваны полк імя Ахмат-Хаджы Кадырава. Байцы гэтага палка зʼяўляюцца ахоўнікамі лідара Чачэніі Рамзана Кадырава.

Уладзімір Маркін нагадаў, што абвінавачванне за забойства Барыса Нямцова прадʼявілі ў канчатковай рэдакцыі Зауру Дадаеву, Анзору і Шадзіду Губашавым, Тэмірлану Эскерханаву і Хамзату Бахаеву. «Яны абвінавачваюцца ў здзяйсненні забойства паводле найму ў складзе арганізаванай групы і незаконным набыцці, нашэнні, перавозцы і захоўванні агнявой зброі», – сказаў прадстаўнік СК.

Ён адзначыў, што крымінальны пераслед яшчэ аднаго саўдзельніка – Беслана Шаванава – спынілі ў лістападзе 2015-га, калі ён здзейсніў самападрыў падчас затрымання ў Грозным.

Дачыненне ўсіх абвінавачаных да забойства Барыса Нямцова пацвярджаюць больш за 70 судовых экспертыз, допыты, сведкі, вочныя стаўкі ды агляд прадметаў, канфіскаваных падчас ператрусаў па месцах жыхарства абвінавачаных, сказаў Маркін.

Расейскага апазіцыйнага палітыка Барыса Нямцова застрэлілі 27-га лютага 2015-га года ў самым цэнтры Масквы, недалёка ад Крамля.

Дэмакратычная грамадскасць Расеі лічыць, што сапраўдных замоўцаў забойства Барыса Нямцова насамрэч не выявілі.

МЯ, паводле interfax.by

Стужка навінаў