У Расеі завялі крымінальную справу супраць Міністра ўнутраных справаў Украіны


Следчы камітэт Расеі ўзбудзіў крымінальную справу супраць Міністра ўнутраных справаў Украіны Арсэна Авакава за стварэнне перашкодаў падчас прэзідэнцкіх выбараў у Расеі. Перад выбарамі Авакаў папярэджваў, што ва Украіне на выбарчыя ўчасткі будуць пускаць толькі асобаў з дыпламатычным статусам.

«Па дадзеных следства, Аваков, дзейнічаючы групай асоб па папярэдняй змове, даваў указанні падначаленым па службе супрацоўнікам МУС Украіны, якія забяспечваюць ахову і бяспеку расейскіх дыпламатычных устаноў у Кіеве, Львове, Адэсе і Харкаве не прапускаць на выбарчыя ўчасткі грамадзянаў РФ, якія знаходзіліся на тэрыторыі Украіны 18 сакавіка 2018 года для ўдзелу ў выбарах Прэзідэнта» – паведаміла Святлана Пятрэнка, афіцыйны прадстаўнік СК РФ.

Следчы камітэт заяўляе, што сваімі дзеяннямі Авакаў парушыў законныя правы і інтарэсы грамадзянаў Расеі, якія гарантуюцца канстытуцыяй.

21 сакавіка 2018 года МЗС Украіны заявіў пратэст МЗС РФ і патрабаваў не праводзіць прэзідэнцкія выбары на часова акупаваных Расеяй тэрыторыях – у Крыму і Севастопалі. Тады МЗС паставіў умову: або выбары ў Крыму, або выбары на ўчастках консульскіх прадстаўніцтваў. Расея не адмовілася ад правядзення выбараў на часова акупаваных тэрыторыях.

У адказ на гэта Міністр унутраных справаў Украіны Арсэн Авакаў заявіў, што правядзенне незаконных выбараў на суверэннай украінскай тэрыторыі ў парушэнне ўсіх нормаў міжнароднага права недапушчальна.

«Канстатуючы агрэсіўную гібрыдную вайну Расеі супраць Украіны, незаконную анексію Аўтаномнай Рэспублікі Крым, акупацыі частак Данецкай і Луганскай вобласцяў – правядзенне незаконных выбараў на гэтай суверэннай украінскай тэрыторыі ў парушэнне ўсіх нормаў міжнароднага права, МУС Украіны прыняло рашэнне аб немагчымасці правядзення выбараў, якія парушаюць законы Украіны на тэрыторыі Украіны на тэрыторыі дыпламатычных місіяў» – паведамляў Авакаў 16 сакавіка.

ГА, belsat.eu. Фота: REUTERS / Shamil Zhumatov / FORUM

Стужка навінаў