Следчы камітэт Расеі правярае гібель падлетка, які падтрымліваў Украіну


У Самарскай вобласці праводзіцца папярэдняя праверка смерці 18-гадовага Улада Калеснікава, які стаў шырока вядомы ў сацсетках сваім падтрыманнем Украіны і заклікамі вярнуць Крым Украіне.

Следства правярае версію самагубства, пра якую кажуць сябры Калеснікава і журналісты, якія мелі зносіны з ім.

25 снежня Улад Калеснікаў, які скардзіўся на цкаванне з боку аднагодкаў праз свае палітычныя погляды, прыняў смяротную дозу лекаў.

Следчы камітэт Расеі па Самарскай вобласці ў якасці асноўнай версіі называе атручанне псіхатропнымі рэчывамі і спіртнымі напоямі.

«25 снежня 2015 года ў вячэрні час двое 18-гадовых жыхароў гораду Жыгулёўску распівалі спіртныя напоі, а адзін з іх ужыў яшчэ псіхатропныя сродкі і энергетычныя напоі. Праз некалькі гадзін яму стала дрэнна. Бацька, які вярнуўся дадому, выклікаў брыгаду хуткай дапамогі, але выратаваць юнака не атрымалася», – гаворыцца ў паведамленні ведамства.

Другі малады чалавек выжыў, удакладняюць у Следчым камітэце. Па факце смерці Калеснікава пачата папярэдняя праверка, прызначана судова-медыцынскае даследаванне.

«Паводле папярэдніх звестак смерць маладога чалавека адбылася ў выніку атручвання», – удакладняюць у рэгіянальным упраўленні СКР.

Імя Улада Калеснікава стала вядома пасля таго, як улетку гэтага года ён прыйшоў на заняткі ў футболцы з украінскім сцягам і надпісам «Вярнуць Крым!». Ён таксама вёў папулярны блог у «Фэйсбуку», прысвячаючы шматлікія публікацыі канфлікту ва Украіне і палітычнай абстаноўцы ў Расеі.

Як паведамляе радыёстанцыя «Свабода», малады чалавек скардзіўся, што не знаходзіць агульнай мовы са сваякамі і падвяргаецца нападкам з боку аднагодкаў.

«Адносіны з людзьмі проста жах – ужо абяцалі пабіць, кідалі ў мяне бруд і снежкі, пастаянныя абразы і штурханне локцямі ў калідорах. Нават адзін даў у твар (не моцна, на шчасце). Мне нельга звяртацца ў паліцыю (тыя яшчэ ўлетку далі зразумець, што дапамагаць мне не будуць і, працытую, «сам бы табе ў морду даў за такія рэчы…»). У Жыгулёўску тут са мной наагул што заўгодна могуць зрабіць. Адчайна шукаю, куды можна зʼехаць», – прыводзіць« Свабода » вытрымку з кастрычніцкага ліста Улада Калеснікава карэспандэнту радыёстанцыі.

Калеснікаў вучыўся ў тэхнікуме Падольску, але пасля яго выступаў у абарону Украіны быў адлічаны, ім зацікавілася паліцыя. Пасля гэтага яго дзед перавёз яго ў горад Жыгулёўск Самарскай вобласці.

МЯ, паводле bbc.com

Стужка навінаў