Следчы камітэт прыпыніў праверку па справе Аляксандра Тарайкоўскага


На наступны дзень пасля смерці Рамана Бандарэнкі стала вядома, што ўпраўленнем Следчага камітэту па Менску прыпыненая праверка па справе Аляксандра Тарайкоўскага. Пра гэта паведамляе TUT.BY са спасылкай на адвакатку Альвiну Мінгазаву. Крымінальная справа дагэтуль не ўзбуджаная, хоць ёсць сведкі гібелі мужчыны.

«Следчы камітэт спасылаецца на арт. 173-3 КПК Беларусі. Згодна з гэтым артыкулам, праверка можа быць прыпыненая на падставе неатрымання адказу на міжнародны запыт; неатрымання вынікаў экспертызы альбо праверкі фінансава-гаспадарчай дзейнасці», – распавяла адвакатка.

Што менавіта паслужыла прычынай прыпынення праверкі, пакуль невядома.

Аляксандр Тарайкоўскі загінуў 10 жніўня каля станцыі метро «Пушкінская». Момант стрэлу ў яго трапіў на відэа. На ім бачна, што ў Аляксандра нічога няма ў руках, і ён падае на зямлю пасля ранення ў грудзі.

У той жа час двум абаронцам мемарыялу Тарайкоўскага пагражае да 10 гадоў зняволення.

AB, belsat.eu

Стужка навінаў