Полацкі міжрайаддзел Следчага камітэту падоўжыў тэрмін правядзення праверкі паводле заявы полацкага блогера Рамана Ляўкоўскага «на неправамоцныя дзеянні працаўнікоў Полацкага РАУС». Фота паведамлення ў «ВКонтакте» змясціў сам палачанін.
Праверка працягнутая на 1 месяц да 14 лістапада.
19-гадовы Раман Ляўкоўскі з Полацку сцвярджае, што 11 кастрычніка яго катавалі ў мясцовым РАУСе. Хлопца абражалі ды «абяцалі вывезці ў лес». З адкрытым лістом маладзён звярнуўся да міністра ўнутраных справаў Юрыя Караева.
Паводле Рамана, 11 кастрычніка ён здымаў відэа ў некалькіх крамах, дзе яму адмовіліся даць кнігу скаргаў і прапановаў, пасля чаго ён выклікаў міліцыю. Замест участковага прыехалі працаўнікі крымінальнага вышуку.
Маладзён апавёў, што яго затрымалі, завезлі ў аддзяленне ды замкнулі на ключ у кабінеце з трыма міліцыянтамі. Раман кажа, што праваахоўнікі загадалі зняць куртку, праверылі кішэні. Адзін з іх кінуў яе на падлогу і сказаў, што будзе мыць ёю падлогу. Таксама міліцыянты загадалі блогеру агаліцца да майткоў, пасля чаго адзін з іх узяў хлопца за шыю, паклаў на стол і пачаў душыць.
«Потым кінуў мяне на падлогу, стаў каленам на грудзі, адначасова душыў. Лапацін пагражаў абасцаць мяне і зняць гэта на тэлефон, бо, маўляў, я ўсё роўна нікому не раскажу. Мне гаварылі, што паб’юць дручком, засунуць фалас, адвязуць да «петухоў», у лес, калі камусьці распавяду», – сцвярджае блогер.
Раман Ляўкоўскі дадае, што міліцыянты змусілі яго разблакаваць тэлефон і выдалілі ролік канфлікту з Аляксандрам Лапаціным. Катаванні, паводле Рамана, працягваліся дваццаць хвілінаў.
МГ belsat.eu