Следчы камітэт назваў улюбёныя схемы беларускіх махляроў


За год колькасць крымінальных справаў паводле артыкулу «Махлярства» павялічылася амаль на траціну. Следчы камітэт паведаміў, што значная колькасць такіх злачынстваў звязаная з крэдытамі ды распавёў пра найбольш папулярныя ў беларускіх махляроў схемы падману грамадзянаў.

«Крэдытная піраміда»

Махлярамі становяцца нават кліенты банкаў, якія не могуць заплаціць за свае крэдыты. І таму яны просяць знаёмых пазычыць грошы, аформіўшы крэдыт на сваё імя. Гэтак жыхарка Баранавічаў цягам двух гадоў займалася тым, што будавала «крэдытную піраміду». Прасіла знаёмых браць для яе крэдыты і нават выплачвала за гэта ўзнагароджванне. А потым прасіла чарговых ахвяраў пазычыць грошы, каб сплаціць грошы банку.

«Звычайна такімі махінацыямі займаюцца бізнесоўцы ці людзі, што ствараюць сабе такі вобраз. Яны пераконваюць ахвяраў, што маюць прыбытковы бізнес, але патрэбныя грошы на развіццё», – тлумачаць праваахоўнікі.

Адзін з такіх бізнесоўцаў пераканаў 42 асобы ўзяць для яго крэдыт. Каб банк пагадзіўся, ён выпісваў фальшывыя даведкі аб тым, што тыя ў яго працуюць і атрымліваюць заробак. Агулам праз падстаўных асобаў ён выцягнуў з банкаў больш за мільярд рублёў. Махляра дагэтуль не знайшлі. Падобная схема працуе з набыццём у растэрміноўку мабільных тэлефонаў ды іншай тэхнікі. Адзін з махляроў намовіў больш за сто асобаў узяць для яго ў растэрміноўку мабільнікі. Плаціў за гэта невялікае ўзнагароджванне, а тэлефоны прадаваў.

«Перадплата для майстра і на матэрыялы»

Следчы камітэт паведамляе, што махляры часта дзейнічаюць у сферы рамонту кватэр і вырабу ўбудаванай мэблі. Адзін з такіх махляроў дагэтуль дзейнічае на тэрыторыі Меншчыны: пераконвае ахвяраў у тым, што ён добры майстар і зробіць якасны рамонт, бярэ перадплату і знікае. Гэткім чынам ён «зарабіў» больш за 60 млн.

Махляр, каб пераканаць сваю ахвяру, можа нават паказаць будынак, у якім ён нібыта рабіў рамонт. Напрыклад, устаўляў вокны. Аднак на справе гэта аказваецца няпраўдаю.

Таксама махляры нярэдка просяць «перадплату» за будаўнічыя матэрыялы, карыстаючыся тым, што іх бывае цяжка купіць.

«Аўтапіраміда»

Праз падзенне курсу расейскага рубля шмат хто з беларусаў вырашаў скарыстацца з сітуацыі і набыць аўта ў Расеі. Гэтым, у сваю чаргу, карысталіся махляры, што прадстаўлялі пляцоўку для перапродажы аўтаў. «Кліенту» прапаноўвалі пакінуць у «аўтахаўсе» сваю машыну для перапродажу. Іншаму «кліенту» прапаноўвалі «аўта 1» у абмен на ягоную машыну і даплату.

Аднак грошай, каб расплаціцца з першым кліентам, у выніку не было, пакуль не будзе прададзены «аўтамабіль 2». Гэткая піраміда рана ці позна заканчвалася тым, што махляры забіралі сабе значную частку грошай, а нават тыя, каму ўдалося выкупіць новае аўта, можа застацца без яго – суд, хутчэй за ўсё, прызнае такую здзелку незаконнаю.

МЛ, belsat.eu

Стужка навінаў