Следчы камітэт накіраваў ураду прапановы па надзіманым санкам


Ілюстратыўнае фота – Stanislav Krasilnikov/TASS/Forum

Старшыня Следчага камітэту Сяргей Цішук адправіў Савету міністраў ліст з прапановай дадатковага юрыдычнага рэгулявання вытворчасці, продажу і карыстання цюбінгамі.

Паводле СК, спажыўцоў належыць больш поўна інфармаваць аб умовах эксплуатацыі гэткага віду санак і больш эфектыўна інфармаваць людзей – перадусім бацькоў – аб рызыцы коўзання на іх.

«Такая праца павінна праводзіцца ва ўстановах адукацыі, у тым ліку падчас бацькоўскіх сходаў», – адзначыў Сяргей Цішук.

Паводле старшыні СК, навучанне дзяцей бяспечным паводзінам – гэта прамы абавязак сям’і.

«Я хацеў бы звярнуцца да тых, хто побач з малымі: сваім прыкладам паказваць правілы бяспечных паводзін, правільна інструктаваць дзяцей. Ну, а калі ўжо вырашылі набыць нейкі спартовы інвентар для дзіцяці, у першую чаргу паглядзіце, якія небяспекі ён тоіць, якія ўмовы яго эксплуатацыі. Затым трэба кантраляваць выкарыстанне дзіцем гэтага інвентару, знаходзіцца побач і пастаянна нагадваць аб неабходнасці бяспечных паводзін. Таму што, на жаль, у выніку няправільнай эксплуатацыі і цюбінгаў траўмуюцца не толькі самі дзеці, але і тыя людзі, якія выпадкова апынуліся побач. Гэта таксама трэба ўлічваць», – дадаў Цішук.

Таксама следчыя прапануюць ураду даручыць мясцовым уладам і камунальнікам зрабіць горкі для коўзання больш бяспечнымі.

З пачатку зімы ў Беларусі падчас катання на цюбінгах траўмаваныя сотні людзей. У адным толькі сталічным РНПЦ сур’ёзныя аперацыя давялося рабіць 35 асобам.

Вядома аб смерці дваіх чалавек (дзіця і дарослага) у выніку катання на цюбінгу.

Пасля чарговага здарэння ў Полацку 9 студзеня міліцыя апублікавала рэкамендацыі па карыстанні надзіманымі санкамі:

  • коўзацца на цюбінгу можна толькі на адмысловых трасах;
  • горка павінная не мець рэзкіх паваротаў і моцных схілаў (больш за 20 градусаў), быць гладкай (без ямінаў, кустоў і смецця) і мець снежную, а не ледзяную паверхню;
  • унізе схілу павінна быць досыць месца, каб затармазіць і не замінаць руху іншых санак.

ДД

Стужка навінаў