Следчы камітэт ізноў адмовіўся спыніць справу супраць галоўнай рэдактаркі Tut.by


Марыне Золатавай адмовілі ў задавальненні паўторнага хадайніцтва аб спыненні крымінальнага пераследу паводле артыкулу 86 Крымінальнага кодэксу, падае Tut.by.

Следчы Аляксандр Сямёнік паведаміў рашэнне аб адмове адвакату Золатавай па тэлефоне. Следчы камітэт адмовіўся таксама задаволіць хадайніцтва абаронцы аб спыненні крымінальнага пераследу ў сувязі з адсутнасцю складу злачынства.

Справка
Паводле артыкулу 86 КК, асобу, якая ўпершыню ўчыніла злачынства, якое не ўяўляе вялікай грамадскай небяспекі, і гатовую пакрыць шкоду, могуць вызваліць ад крымінальнай адказнасці з прыцягненнем да адміністрацыйнай, калі прызнаюць, што такіх захадаў будзе дастаткова для выпраўлення чалавека.

Напрыканцы снежня, пасля азнаямлення з матэрыяламі справы, Марына Золатава падала другое хадайніцтва. З першым яна звярталася адразу пасля заканчэння расследавання.

У бліжэйшы час матэрыялы справы будуць перададзеныя ў пракуратуру.

Галоўная рэдактарка Tut.by – адзіная абвінавачаная паводле «справы БелТА». Іншых фігурантаў справы вызвалілі ад крымінальнай адказнасці і прыцягнулі да адміністрацыйнай.

Акрамя штрафаў, журналісты кампенсавалі прад’яўленую шкоду на сумы ад Br 3 да 17 тысячаў.

Марыну Золатаву абвінавачваюць у «бяздзейнасці службовай асобы» (ч. 2 арт. 425 Крымінальнага кодэксу).

Першапачаткова яе падазравалі таксама ў «несанкцыянаваным доступе да камп’ютарнай інфармацыі». (ч. 2 арт. 349 КК). Менавіта паводле гэтага артыкулу абвінавачвалі фігурантаў справы.

Паводле следства, Золатава была адзінай з усіх падазраваных, хто не ажыццяўляў доступ да платных матэрыялах БелТА. Крымінальны пераслед паводле гэтага артыкулу ў дачыненні да Марыны Золатавай спынілі «ў сувязі з незакончаным злачынствам».

Hавiны
«Значыць, быў такі план». Галоўная рэдактарка Tut.by засталася адзінай падазраванай па «справе БелТА»
2018.11.30 18:36

7 жніўня Следчы камітэт зладзіў ператрусы ў офісах кампаніяў Tut.by і БелаПАН. Падчас гэтага следчыя затрымалі 14 працаўнікоў розных выданняў, у тым ліку карэспандэнта «Deutsche Welle» Паўла Быкоўскага.

Журналісты правялі некалькі сутак у ізалятары часовага ўтрымання на Акрэсціна. Іх падтрымалі Еўразвяз, Рада Еўропы, ЗША, а таксама міжнародныя праваабарончыя арганізацыі.

ДД

Стужка навінаў