Следам за «купалаўцамі». Гомельскі тэатр «Тым» выселілі з памяшкання


Тымтэатр, вядомы сваімі інклюзіўнымі спектаклямі, інтэграванымі ў тым ліку для дзяцей і дарослых з абмежаванымі магчымасцямі, паведаміў пра выгнанне з дому. Што адбылося і як з гэтым справіцца – Belsat.eu запытаўся ў заснавальніка тэатру Андрэя Бардухаева-Арла.

– Высяленне было для нас абсалютна нечаканым, – кажа Андрэй. – Мы літаральна за 5 дзён да гэтага абмяркоўвалі планы, інклюзіўны баль, які меў адбыцца напрыканцы кастрычніка, навагоднія казкі. Але кіраўніцтва ДК «Беліцкага» нічога не вырашала – вырашаў аддзел ідэалогіі Гомельскага гарвыканкаму.

Як прычына нам было названа тое, што былі публікацыі ў сацыяльных сетках ад імя непасрэдна тэатру: пост «як паводзіць сябе на мітынгу», шэраг пастоў у падтрымку купалаўцаў. Відаць, людзі, якія не згодныя з ідэалагічным кірункам дзяржавы не маюць права карыстацца «дабротамі», якія гэтая дзяржава дае.

Спектакль з удзелам невідушчых актораў у гомельскім «Тымтэатры». Фота з сацыяльных сетак

Інклюзіўны баль

Чатыры гады таму «Тым» ужо губляў памяшканне, таму навіна пра высяленне не надта спужала трупу тэатру, але зараз праца тэатрау ўсё ж фактычна паралізаваная. Але «Тым» не губляе аптымізму і шукае шляхі для вырашэння сітуацыі. Тым больш, што пад пагрозай апынуўся традыцыйны ўжо інклюзіўны баль інтэграваны для людзей з асаблівымі патрэбамі. Такія балі «Тым» арганізоўвае ўжо трэці год запар і людзі прыязджаюць туды з усёй краіны.

– Гэтае высяленне кардынальна паўплывала на нашую працу, бо мы дужа прывязаныя да нашай пляцоўкі, – тлумачыць Арол-Бардухаеў. – Большасць дэкарацыяў разлічаная і падагнаная менавіта пад гэтае памяшканне На дадзены момант мы не зусім у шоку, бо ў пэўным сэнсе ўжо перажылі гэта і шукаем шляхі вырашэння праблемы. Акрамя таго, што ў нас ёсць тэатр – мы маем яшчэ і фонд «Разам тут» (фонд «Разам тут», заснаваны ідэйнымі кіраўнікамі тэатру «Тым», накіраваны на стварэнне безбар’ернага асяроддзя: прасторы дзейнасці, якая абʼядноўвае людзей з падвышанымі патрэбамі – заўв. рэд.). І зараз на першым месцы для нас стаіць інклюзіўны баль, які адбудзецца, але іншай пляцоўцы 31 кастрычніка.

Hавiны
Наталля Наважылава: Улада хоча выбіраць, вырашаць і думаць за нас
2020.10.11 12:56

Перазагрузка

Атмасферны спектакль «Вераскавы мёд» у Тымтэатры. Фота з сацыяльных сетак

Па словах Андрэя Арол-Бардухаева тэатр вырашыў не губляць часу дарма і скарыстаць яго на пэўную творчую перазагрузку, пакуль «Тым» шукае новае памяшканне. Зараз жа неабыякавыя гомельцы далі тэатру памяшканне для захоўвання рэквізіту.

– Гэта вельмі шмат значыць для нас, бо за чатыры гады працы тэатру мы падрыхтавалі шмат спектакляў, да кожнага з якіх ёсць свае дэкарацыі, касцюмы, рэквізіт, – дзеліцца думкамі Арол-Бардухаеў. – Наагул падтрымку мы адчуваем каласальную. Але самае важнае, што мы не атрымалі ад сваёй публікі ніводнага каментара, ніводнага слова пра тое, што мы нешта робім не так. Я рады за тое, што людзі, якія хоць неяк дакрануліся на нашага тэатру, нашай творчасці – яны бачаць і разумеюць чым мы на самой справе займаемся. Нас можна сагнуць, але мы ўсё адно выберамся, зламаць нас немагчыма, бо гэта адзін у полі не ваяр, а нас 97 %.

Як падтрымаць «Тым»

– Нам далі зразумець, што нас падтрымлівае дужа шмат людзей. Таму на сённяшні момант я практычна не турбуюся за нашую будучыню і пэўны, што ўсё вырашыцца добра, – кажа Андрэй Арол-Бардухаеў. – Зараз для нас самае важнае – гэта пляцоўка, бо рэпетаваць мы цяпер не можам. Але калі казаць яшчэ больш канкрэтна, то зараздля нас зараз самая важная задача – правесці інклюзіўны баль. І тут дапамагчы можа абсалютна любы ахвочы. У нас ёсць дабрачынны рахунак, на які людзі пераводзяць сродкі. І старонка, куды можна напісаць у справе дапамогі з памяшканнем.

Звольнены за актыўную грамадзянскую пазіцыю. Калаж для выселенага Тымтэатру

МД Belsat.eu

Стужка навінаў