Скульптуры з жывых чалавечых целаў, гуку і святла: фестываль у музеі Азгура


Якіх межаў і формаў дасягнула сучасная скульптура? Глядзім і даведваемся падчас другога фестывалю, зладжанага ў музеі Заіра Азгура ў Менску.

Разам з гіпсавымі фігурамі савецкай эпохі тут сабраныя скульптуры з жывых чалавечых целаў, гуку і святла. А некаторыя творы можна адчуць і зразумець толькі інтуітыўна.

Постскульптура выйшла за межы трох вымярэнняў, адлітых у цвёрдую форму, і набыла пластычныя якасці. Гэта дапамагаюць зразумець танцоры разам з пацыентамі менскага псіханеўралагічнага інтэрнату № 3.

«Аб’ём – гэта не абавязкова цяжарны аб’ём, вось гэтых традыцыйных скульптурных, цяжарных матэрыялаў, ёсць вечныя аб’ёмы, з якімі мы працуем. Аб’ём гуку, нават аб’ём суперажывання», – кажа мастак і арганізатар Павел Вайніцкі.

Для мастака Міхаіла Гуліна скульптура – гэта сродак тэставання прасторы на свабоду сацыяльна-палітычнага дзеяння. У 2012-м яго судзілі за твор «Персанальны манумент». Мастак правёў даследаванне.

«Ці маем мы права на горад, на гарадскі асяродак? Ці маем мы права на выказванне? Ці маем права ставіць пад сумнеў нейкія ідэалагічныя аксіёмы?», – кажа мастак Міхаіл Гулін.

Удзел чэха Гінэка Вацэка сёлета пашырыў фармат фестывалю да міжнароднага. Адметнасць творчасці мастака – імкненне пераўтварыць у скульптуру ўсё, што трапіць у поле зроку.

«Мяне цікавіць мікракосмас, макракосмас, навуковая фантастыка. Тое, як людзі асвойваюць прастору і як вывучаюць падводны свет», – кажа чэшскі мастак Гінэк Вацэк.

Творы Вацэка збіраюцца з прадуктаў жыццядзейнасці чалавека і сцвярджаюць пазітыўнае дзеянне ў прыродзе.

Другі менскі і цяпер ужо міжнародны фестываль постскульптуры адбыўся пры падтрыманні чэшскай амбасады ў Беларусі.

Таццяна Уласенка belsat.eu

Стужка навінаў