Скруцілі ў аэрапорце. Гналі замовы міма заводу: падрабязнасці затрымання кіраўнікоў холдынгу БелОМА


Паводле неафіцыйнай інфармацыі, дырэктара БелОМА «па камерцыі» Уладзіміра Кіскіна затрымалі 24 студзеня ў аэрапорце, піша Telegram-канал «Хромой бес».

Раней крыніца «Белсату» распавяла пра затрыманне генеральнага дырэктара БелОМО Вячаслава Бурскага. На прадпрыемстве гэтую інфармацыю не пацвердзілі, але і не зняпраўдзілі.

Hавiны
Крыніца: На БелОМА вобшукі, гендырэктара арыштавалі
2019.02.01 11:37

На той момант (1 лютага) карэспандэнтам «Белсату» удалося высветліць, што дырэктар «па камерцыі» нібыта знаходзіцца ў адпачынку.

Telegram-канал «Хромой бес» паведамляе, што імавернаю прычынаю затрымання Кіскіна стала справа аб хабары. Менеджар цяпер можа знаходзіцца пад хатнім арыштам.

Беларускае оптыка-механічнае аб’яднанне (БелОМА) спецыялізуецца на распрацоўцы і прадукцыі оптыка-электронных, лазерных і оптыка-механічных прыладаў.

Прома ролікі БелОМА

4 лютага ананімны працаўнік заводу распявёў журналістам kp.by, што гендырэктара БелОМО затрымалі ў Расеі.

«Вячаслава Александравіча затрымалі ў Расеі, справай займаецца КДБ Беларусі. Калі коратка, то кіраўніцтва заводу зрабіла тут прыватную лавачку і гнала замовы міма прадпрыемства», – распавяла крыніца выданню.

Вячаслаў Бурскі 27 гадоў кіруе БелОМО і двойчы атрымліваў з рук Аляксандра Лукашэнкі ордэны за сваю працу.

У 2011 годзе ЗША уключылі «БелОМА» і «Белтэхэкспарт» у санкцыйны спіс. Падставаю для санкцыяў была «надзейная інфармацыя, якая сведчыць, што гэтыя кампаніі перадавалі ў Іран, Паўночную Карэю і Сірыю або атрымлівалі з гэтых краінаў «абсталяванне і тэхналогіі, названыя ў спісах кантролю за шматбаковым экспартам, або іншым чынам мелі магчымасць зрабіць матэрыяльны ўнёсак у зброю масавага знішчэння ці сістэмы крылатых і балістычных ракетаў». У 2013 годзе санкцыі з «БелОМА» былі знятыя.

ЮВ, belsat.eu

Стужка навінаў