Скрозь туман прэм'еры бачаць мэту. У прыцэле – сустрэча прэзідэнтаў

Падлятаючы да Масквы, прэмʼер-міністр Беларусі звярнуў увагу на туман. Па меры ягоных перамоваў з расейскім калегам туман усё больш рассейваўся, пакуль не стала бачна, што выніковае рашэнне аб прасоўванні паводле дарожных мапаў інтэграцыі будуць прымаць прэзідэнты дзвюх краінаў.

Уласна кажучы дзеля гэтага варта было рызыкаваць жыццём гэтак дарагога Беларусі маладога рэфарматара Сяргея Румаса, адпраўляючы яго – у туман! – самалётам!! – у Маскву!!! – на перамовы з Мядзведзевым!!!! Маглі і праз тэлефон дамовіцца, што за два з нечым тыдні да сустрэчы двух прэзідэнтаў прэзідэнты сустрэнуцца яшчэ раз, каб ужо канчаткова расставіць усе кропкі над «і». Бо калі на 8 снежня запланаванае падпісанне інтэграцыйнага пакету, а да таго ж дамоўленасці ўсё ж не дасягнутыя, бо дасягнуць іх могуць толькі прэзідэнты, якім гэты пакет і падпісваць, тады…

Карацей, самыя разумееце.

Прэм’еры Дзмітрый Мядзведзеў і Сяргей Румас на перамовах у Маскве. Фота Reuters / Forum

Сем гадзінаў Румас і Мядведзеў гаварылі пра тое, чаго падпісаць яны не змаглі і не маглі паводле вызначэння.

Рэч не ў адсутнасці паўнамоцтваў. Рэч у тым, што не ім абірацца на прэзідэнцтва.

Адзін гэтага не будзе рабіць, бо хто ж яго туды пусціць, а другі там ужо быў і, мяркуючы з усяго, яму не надта спадабалася. Вось каму абірацца, тыя няхай і падпісваюць.

Гэта значыць, Лукашэнка і… Пуцін?

Ну, калі не персанальны Пуцін, то Пуцін калектыўны, які нясе на сваіх плячах цяжар адказнасці – прыблізна ў той жа ступені, у якой, мяркуючы з верша класіка, беларусы ў канцы ХІХ – пачатку ХХ стагоддзя неслі на сваіх плячах сваю крыўду. Убіты ў сярэдняй школе ў розумы нашай кіроўнай эліты верш «А хто там ідзе?», відавочна, застаецца мадэллю паводзінаў урадавых чыноўнікаў на перамовах з Расеяй.

Аляксандр Лукашэнка на выбарчым участку 17 лістапада. Фота Natalia Fedosenko / TASS / Forum

Сапраўды, уявіце сабе гэты дыялог.

Прэм’ер-міністр Расеі ляніва адказвае на стук у дзверы:

— А хто там iдзе, а хто там iдзе

У агромнiстай такой грамадзе?

З-за дзвярэй чуецца нясмелы голас ягонага беларускага таварыша па няшчасці перамоўнага працэсу:

— Беларусы.

Расейскі спадар гэтак жа ляніва працягвае руку за айфонам апошняй мадэлі:

— А што яны нясуць на худых плячах,

На руках у крывi, на нагах у лапцях?

Беларускі таварыш з няшчасця, не адважыўшыся зазірнуць у дзверы без адмысловага дазволу, аглядаецца і разумее: валіза з «Зуброўкай» і пальцам пханаю каўбасою застаўся ўдома. Давозіцца адказваць па сутнасці:

– Сваю крыўду.

Паколькі крыўда была ўжо раней зафіксаваная ў дзясятцы інтэрвʼю беларускіх чыноўнікаў з нагоды падатковага манеўру ўраду Расеі ў дачыненні расейскіх нафтавікоў, гаспадару кабінета не даводзіцца корпацца ў паперах у пошуках прычынаў яе ўзнікнення. Застаецца высветліць, «а чаго ж, чаго захацелася ім, пагарджаным век, ім, сляпым, глухім». І, пачуўшы сакраментальнае «Людзьмі звацца», радасна перанакіраваць стрэлкі:

– А вось з гэтым, калі ласка, да Уладзіміра Уладзіміравіча. Ён у нашым райху вызначае, хто чалавек, а хто не вельмі.

Hавiны
Мядзведзеў і Румас распавялі пра вынікі перамоваў па ўзгадненні дарожных мапаў
2019.11.19 21:14

Такім чынам пляцоўка для пасадкі беларускага «борта № 1» расчышчаная, «пасажыр № 1» можа прылятаць і камунікаваць далей ужо без удзелу палітычных «спойлераў».

Уласна кажучы, «спойлеры» для таго і сустракаліся, каб яшчэ больш адцяніць уражальную сустрэчу цяжкавагавікоў.

Выбары ідуць, спадары, выбары. У абодвух. Запасы папкорну невычэрпныя. Будзем і далей атрымліваць асалоду ад гульні.

8 снежня – чарговы раўнд. Не больш за тое. Але ўжо будзе зразумела, хто ў якой форме. Туман развеецца, а тое, што ляжыць на дыване, застанецца. Ці ўпаўзе пад дыван.

Гонг!

Аляксандр Фядута belsat.eu

Рэдакцыя можа не падзяляць меркавання аўтара.

Стужка навінаў