Скраў ровар у сваім пад'ездзе – і схаваў яго там жа


Жыхар Маскоўскага раёну сталіцы звярнуўся ў міліцыю з заявай аб крадзяжы з тамбура пад’езда ровара BMX і бегавела (дзіцячага ровара без педаляў) агульным коштам Br 250. Веласіпед не быў зачынены на замок і зламыснік змог бесперашкодна яго выкрасці.

Падчас аператыўна-вышуковых мерапрыемстваў міліцыянты ўсталявалі, што ровары скраў жыхар гэтага ж дому. Падчас абыходу кватэраў і апытання жыхароў аператыўнікі звярнулі ўвагу на мужчыну на другім паверсе. Ён паведаміў міліцыянтам, што толькі што выкідваў смецце і бачыў каля смеццеправоду пакінуты бегавел.

Міліцыянт спраўдзіў гэта: так і было. Калі ён вярнуўся, каб апытаць мужчыну, то ўбачыў, што мужчына трымае ў руках пакет са смеццем і толькі збіраецца яго выкінуць.

Аператыўнік западозрыў, што мужчына датычны да крадзяжу. Неўзабаве той прызнаўся, што маёмасць суседзяў скраў ён. Выкрадзены ровар BMX быў схаваны за спадарожнікавай антэнай.

Злодзей схаваў ровар за спадарожнікавай талеркай. Фота – прэс-служба ГУУС Менгарвыканкаму

Следчыя знялі сляды рук і сляды абутку ў месцы крадзяжу і ўсталявалі супадзенне з падазраванай асобай, 40-гадовым мужчынам, які нідзе не працуе.

Прэсавая служба ГУУС Менгарвыканкаму падае, што ён не мае судзімасцяў.

Следчы камітэту распачаў супраць яго крымінальную справу паводле артыкулу 205 КК (крадзеж). Цяпер яму пагражае да трох гадоў турмы.

ДД

Стужка навінаў