«Сказаў, што званілі з самай гары». Як Андрэй Уцюрын ціснуў на міністра сувязі?


У справе супраць Андрэя Уцюрына працягваюць дапытваць генеральнага дырэктара «Белтэлекаму» Сяргея Сівадзедава. На паседжанні 19 сакавіка Сівадзедаў распавёў, як Уцюрын лабіяваў інтарэсы расейскай кампаніі «СмартЛабс» ды ціснуў на міністра сувязі і інфарматызацыі Сяргея Папкова.

Расейская кампанія «Смартлабс» прыйшла на беларускі рынак у 2014 годзе. Тады фірма перамагла на тэндары «Белтэлекаму» і з ёй быў заключаны кантракт на пастаўку платформы «СмартTV».

Hавiны
Кіраўнік «Белтэлекам» распавёў, як Уцюрын лабіяваў інтарэсы расейскіх кампаніяў
2020.03.17 18:08

Як распавёў на судзе Сяргей Сівадзедаў, яшчэ да завяршэння конкурсу, у 2013-2014 гг., наконт удзелу «Смартлабсу» Андрэй Уцюрын не менш за тры разы тэлефанаваў міністру сувязі і інфарматызацыі Сяргею Папкову. Уцюрын на момант тых званкоў яшчэ не працаваў у Савеце Бяспекі – да верасня 2014 года ён узначальваў Службу бяспекі прэзідэнта.

Пра званкі Уцюрына Папкоў распавядаў Сівадзедаву.

«Папкоў сказаў, што званілі «з самай гары». Я спытаў: з савету міністру? Не, вышэй. З Адміністрацыі прэзідэнта? Не, кажа, яшчэ вышэй. І паказаў на партрэт Аляксандра Рыгоравіча Лукашэнкі. Потым Папкоў патлумачыў, што званіў Андрэй Аляксандравіч Уцюрын», – распавёў на судзе Сівадзедаў.

Суд па справе Уцюрына.
Фота: Ірына Арахоўская / Belsat.eu

Падчас гэтых званкоў Уцюрын не загадваў наўпрост пралабіяваць інтарэсы «Смартлабс» на конкурсе. Але Уцюрын казаў, што на «Смартлабс» «трэба звярнуць увагу». Маўляў, фірма скардзіцца, што ў Беларусі парушаюцца яе правы.

«Мэта званкоў зразумелая: каб «Смартлабс» перамог у конкурсе на пастаўку платформы «СмартTV», – адзначыў Сівадзедаў.

Hавiны
Былы топ-чыноўнік Нацбанку распавёў, як пагарэў на хабарах
2020.03.13 18:25

Як распавядаў Папкоў Сівадзедаву, з боку Уцюрына падчас званкоў «былі намёкі, што міністр сувязі пабудаваў катэдж у Ждановічах, мае нейкія даходы». «Хаця я ведаў, што ніякіх незаконных даходаў у Папкова не было», – дадаў Сівадзедаў. Але міністр пасля гэтых званкоў «вельмі нерваваўся». Ён сказаў Сівадзедаву, што тэндар варта правесці без усялякіх парушэнняў, «каб яго больш не вымотвалі такімі званкамі».

Паседжанне па справе Уцюрына 17 сакавіка. Фота belsat.eu

Пасля перамогі «Смартлабс» на конкурсе ў 2014 годзе маскоўская фірма зацікавілася пастаўкамі дадатковага абсталявання для платформы «СмартTV». Цяпер ужо Уцюрын пачаў званіць наўпрост Сівадзедаву. Намеснік дзяржсакратара Савету Бяспекі сказаў, што кіраўніку «Белтэлекам» «было б някепска сустрэцца» з прадстаўніком «Смартлабс» Уладзімірам Казанцавым, які прыляцеў у Менск.

«Я ўспрымаў гэтыя словы як указанні. Магчымасць адмовіцца не дапускаў, баяўся. Бо да Савету Бяспекі Уцюрын займаў таксама высокую пасаду. З улікам папярэдняй пасады і адміністратыўнага рэсурсу было зразумела, што Уцюрын валодае ўсімі рычагамі ўплыву. Як афіцыйнымі, так і неафіцыйнымі», – адзначыў Сівадзедаў.

Hавiны
«Нашыя інтарэсы супадалі з інтарэсамі Нацбанку». У судзе над Уцюрыным распавялі пра сістэму адкатаў
2020.03.12 18:03

Казанцаў афіцынай пасады ў «Смартлабс» не займаў тады, але казаў што добра ведае кіраўніцтва і заснавальнікаў гэтай фірмы. Падчас адной з першых сустрэчаў Казанцаў паказаў Сівадзедаву фота Уцюрына ў цёмных акулярах – даўшы зразумець, хто ягоны заступнік.

«Я разумеў, што гэта чалавек, якога апекуе Уцюрын», – сказаў Сівадзедаў.

Напярэдадні новага тэндара ў 2018 годзе Уцюрын пазваніў Сівадзедаву і сказаў, што «ягоныя саслужыўцы цікавяцца», ці ёсць перспектывы перамагчы ў «Смартлабса».

Андрэй Уцюрын. Фота – vsr.mil.by

«У яго засталіся сябры з тых часоў, калі ён вучыўся ў вучылішчы ў Расеі [маецца на ўвазе Саратаўскае вайсковае вучылішча, – Belsat.eu]. І гэтыя саслужыўцы цяпер працуюць са «Смартлабс», – распавёў экс-кіраўнік «Белтэлекам». Уцюрын зноў сказаў Сівадзедаву, каб той сустрэўся з Уцюрыным і абмеркаваў падрыхтоўку да конкурсу.

«Людзі на такіх пасадах прамых загадаў ніколі не даюць. Усё робіцца намёкамі», – патлумачыў Сівадзедаў.

Hавiны
Былы кіраўнік службы бяспекі прэзідэнта прызнаў віну. Падрабязнасці справы Уцюрына
2020.03.11 12:43

Сівадзедаў намёкі зразумеў. У выніку па загаду Уцюрына фірме «Смартлабс» дапамаглі перамагчы на конкурсе. Прычым ён прызнаецца, што з гэтым пастаўшчыком было шмат праблемаў. «Калі прыязджалі інжынеры гэтай фірмы з Масквы, яны так сябе паводзілі… Маўляў, яны маюць такі адміністратыўны рэсурс у Беларусі, што можна працаваць як мокрае гарыць», – прызнаецца ён.

Паводле следства, Уцюрын дамовіўся з Казанцавым, што за лабіяванне інтарэсаў «Смартлабс» атрымае адкат у памеры 1/3 прыбытку ад кантракту – па факце гэтая сума склала $ 183 тысячы. Таксама Уцюрын, паводле следства, у 2019 годзе падбухторваў Казанцава даць хабар кіраўніку «Белтэлекама» за заключэнне кантракта на пастаўкі абсталявання расейскай кампаніяй «УГМК-Тэлекам». «УГМК-Тэлекам» – гэта вядомы ў РФ аператар сувязі, падкантрольны алігарху Іскандару Махмудаву.

Як распавёў на судзе Сівадзедаў, 29 студзеня 2019 года яму патэлефанаваў Казанцаў і запрасіў на сустрэчу. Яны сустрэліся ў кавярні, абмеркавалі дзелавыя справы і новы тэндар на пастаўкі абсталявання. Расеец хацеў, каб на тэндары перамог аператар «УГМК-Тэлекам». Напрыканцы сустрэчы Казанцаў паказаў канверт з хабарам, але Сівадзедаў спачатку адмовіўся. «Я сказаў, што пакуль не гатовы вырашаць такія пытанні», – распавёў на судзе кіраўнік «Белтэлекаму». Але Казанцаў настойваў і Сівадзедаў усё ж узяў хабар у памеры € 15 тысяч.

«Кажа: можа ўсё ж возьмеце? Наверсе ўсё ўзгоднена. То бок даў зразумець, што ўсё ўзгоднена з Уцюрыным», – распавёў Сівадзедаў.

***

Справу аб карупцыі пры пастаўках у Беларусь тэлекамунікацыйнага абсталявання, камп’ютарнай тэхнікі і праграмнага забеспячэння Вярхоўны суд пачаў разглядаць 10 сакавіка. На лаве падсудных апынуліся 16 чалавек – чыноўнікі, прадстаўнікі дзяржаўных банкаў і камерцыйных прыватных структураў. Частку вінавацяць у атрыманні, а частку – у даванні хабараў.

Самы вядомы фігурант справы – былы намеснік дзяржаўнага сакратара Савету Бяспекі Андрэй Уцюрын. Ён цалкам прызнаў сваю віну ў атрыманні хабараў на суму $ 192 тысячы. Агулам з 16 фігурантаў справы цалкам не прызналі сваю віну толькі двое.

Ігар Ільяш Belsat.eu

Стужка навінаў