«Сказаў, што будзе змагацца да канца». Што вядома пра жыхара Магілёва, які з БЧБ-сцягам хацеў скокнуць з маста


Увечары 31 кастрычніка ў тэлеграм-бот «Белсата» даслалі фотаздымак з апісаннем: «чалавек з БЧБ пагражае скокнуць з мосту». Сітуацыю пад кантроль хутка ўзялі сілавікі: мужчыну выцягнулі з-за парэнчаў і забралі ў мікрааўтобус без апазнавальных знакаў. Ад праваабаронцаў цэнтру «Вясна» стала вядома, што на мосце быў 26-гадовы жыхар Магілёва Аляксей Бяляеў.

Аляксей Бяляеў. Фота ад сваякоў

«Я была проста ў шоку. Пра само здарэнне я даведалася толькі раніцай 1 лістапада з тэлеграм-каналаў», – тлумачыць маці Аляксея Наталля.

Пра свой намер пайсці на мост Аляксей нікому нічога не паведаміў. У той вечар ён быў трохі нападпітку, узяў з сабой сцяг, банкаўскую картку сястры і пайшоў. Як думалі родныя, пайшоў да сяброў.

Hавiны
«Білі да непрытомнасці – па твары і геніталіях, пагражалі выкінуць за Курапатамі». Мянчук – пра здзекі сілавікоў
2020.11.03 07:02

Аляксей апошнія некалькі год працуе брыгадзірам на Магілёўскім металургічным заводзе.

Малады чалавек адседзеў ужо 8 содняў за ўдзел у несанкцыянаваным маршы пратэсту 13 верасня ў Магілёве. Праз дзень пасля вызвалення Аляксея затрымалі зноўку. Як кажа ягоная сястра Ганна, без аніякіх падставаў выцягнулі з машыны таксі.

Праз двое содняў суд вярнуў чарговую справу нібыта за ўдзел у мітынгу назад у РАУС на дапрацоўку, а самога Аляксея пастанавіў выпусціць з ізалятару.

«Толькі ўсё ўстаканілася, і на табе»

«Сцяг у нас дома быў даўно. Аляксей набыў гады чатыры таму. Я памятаю, як ён сказаў мне, што ў яго ёсць для мяне сюрпрыз. Папрасіў заплюшчыць вочы і завёў мяне ў пакой. Я гляджу – а там сцяг вісіць. Мне было вельмі прыемна. У нас уся сям’я прытрымліваецца аднолькавых поглядаў», – распавядае Наталля Бяляева.

Аляксей жыве з маці і сястрой Ганнай, сваю сям’ю яшчэ не стварыў. Сястра распавядае, што брат вельмі цікавіцца палітыкай і гісторыяй, любіць гэтыя тэмы і разбіраецца ў іх. Яны разам з маці глядзелі блог Сяргея Ціханоўскага, пасля хадзілі на выбары і галасавалі за Святлану Ціханоўскую.

Аляксей Бяляеў і Сяргей Ціханоўскі ў Магілёве. Фота прадастаўлена сваякамі

«На марш Аляксей пайшоў пасля таго, як сталі збіваць дзяўчат. Ён вельмі эмацыйны чалавек і проста не вытрымаў гэтага. Тады ён сказаў, што будзе змагацца за сваю Радзіму, за беларусаў, што яму нічога не страшна», – апісвае падзеі сястра Аляксея Ганна.

Пасля першых содняў у Аляксея пачаліся праблемы на працы. Родныя кажуць, што была рэальная пагроза звальнення. Але праца Аляксею падабалася, і ён не жадаў яе губляць. Да яго на працу прыходзілі з пракуратуры і давалі распісацца ў паперы, што ён больш не будзе хадзіць на маршы. Калі родныя даведаліся пра затрыманне Аляксея на мосце, то адразу папярэдзілі на працы, каб яго там у бліжэйшы час не чакалі.

«Толькі ўсё ўстаканілася, і на табе. Цяпер ужо дакладна звольняць…» – шкадуе Наталля Бяляева.

«Яму было трэба, каб яго выслухалі і падтрымалі»

Пасля затрымання на мосце 31 кастрычніка Аляксея забралі ў Кастрычніцкі РАУС. А адтуль – у ізалятар часовага ўтрымання да суду.

Як кажа відавочца падзей на мосце, які не пажадай называць сваё імя, Аляксею, відавочна, хацелася з кімсьці пагаварыць.

Аляксей Бяляеў. Фота ад сваякоў

«Ён сам спыніў мяне і папрасіў запаліць. Мне падалося, што яму было трэба, каб яго выслухалі, зразумелі і падтрымалі. Ён сказаў, што хоча выклікаць прадстаўнікоў улады на размову, што не можа так далей. У цэлым ягоны стан быў устрывожаны, голас крыху дрыжэў. Я даў яму дзве сігарэты і пайшоў, бо адчуваў сябе небяспечна побач з бел-чырвона-белым сцягам», – сказаў відавочца.

Міліцыя расцаніла ўчынак Аляксея як несанкцыянаваны пікет. У паведамленні прэс-службы УУС Магілёўскага аблвыканкаму адзначана, што Бяляеў знаходзіўся ў нецвярозым стане і выказваў намер скокнуць з моста ў Днепр. Згодна ведамству, спробу суіцыду перадухілілі супрацоўнікі АМАПу.

Суд прайшоў патаемна

Наталля Бяляева сцвярджае, што ў сына не было падставаў для суіцыду.

«Калі ён хацеў гэта зрабіць, то не стаяў бы там, а скочыў. Канешне, у яго былі праблемы, на той жа працы з-за затрыманняў, але я не адчувала, што ён хацеў скончыць жыццё», – каментуе заяву УУС маці Аляксея.

Журналісты і праваабаронцы чакалі суду над Бяляевым, каб даведацца, што адбылося насамрэч.

Але ніхто на суд патрапіць не змог, бо ён прайшоў патаемна. 3 лістапада валанцёр праваабарончага цэнтру «Вясна» заходзіла ў канцылярыю судоў і ўласна ўдакладняла, ці не паступіла да іх справа Бяляева, на што атрымала адмоўны адказ. І літаральна праз 20 хвілін пасля гэтага адбыўся суд над Аляксеем. Без прысутных. Як звычайна, праз скайп.

Пазней родныя даведаліся, што Аляксея судзілі паводле ч.3 арт.23.34 КаАП і арыштавалі на 8 содняў.

Hавiны
«Я – эксперт у мяшках на галаве». Гутарка з выдвараным з Беларусі Антонам Раднянковым
2020.11.05 13:54

Пасля суду неабыякавыя людзі прапанавалі падтрымку сям’і Аляксея, каб яны змаглі наняць адваката. Праз адваката Аляксей перадае, што ён трымаецца добра і збіраецца абскарджваць судовы вырак.

Вольга Васільева, Belsat.eu

Стужка навінаў