«Сказаў праз тэлефон не выходзіць на вуліцу, бо там небяспечна, і стаў недасяжны». Беларусы шукаюць сваіх зніклых сваякоў


ЦІП на Акрэсціна. Менск. Беларусь. 13 жніўня 2020 г.
Фота: Vot-tak.tv / Belsat.eu

Затрыманых падчас пратэстаў 9–12 жніўня працягваюць выпускаць з ізалятараў. Генпракуратура скала спіс тых, хто яшчэ застаецца за кратамі. Адначасова беларусы просяць дапамагчы знайсці людзей, якія зніклі якраз у гэтыя дні.Іх няма ні ў шпіталях, ні ў СІЗА.

42-гадовы мянчук Віталь Бандарэнка перастаў выходзіць на сувязь 12 жніўня. Яго дачка Кацярына апавяла, што апошні раз размаўляла з бацькам у мінулую сераду каля 9-й гадзіны вечара.

Віталь Бандарэнка. Фота прадстаўлена рэдакцыі

«Мы не жывем разам, таму я дакладна не ведаю, дзе ён тады быў, куды ішоў ці збіраўся, ён мне патэлефанаваў і сказаў, каб я не выходзіла на вуліцу, бо там небяспечна, – распавядае Кацярына. – Мы размаўлялі нядоўга, секундаў 30. Мы не кожны дзень звязваемся, і наступны раз я вырашыла патэлефанаваць і запытаць, як у таты справы, у суботу, але ягоны нумар быў недасяжны. Я стала правяраць мэсэнджары і ўбачыла, што ў тэлеграме ён быў апошні раз 13 жніўня. Ён жыве з маёй бабуляй – ягонай маці, я ёй патэлефанавала, запыталася, дзе ён. Яна была на лецішчы, таксама не ведала, дзе ён».

Кацярына схадзіла да таты дамоў, пазваніла ў дамафон, але ніхто не адказаў.

«Бабуля вярнулася з дачы ўчора, у нядзелю, – распавядае далей дзяўчына. – Сказала, што таты няма, а таксама знік ягоны заплечнік з дакументамі, з якім ён заўсёды хадзіў на працу. Сёння мы пачалі абзвоньваць усіх, у тым ліку РАУСы, шпіталі, таты нідзе няма. У спісах затрыманых яго таксама няма. На гарачай лініі МУС мне сказалі, што яго няма ў спісах асобаў, што ўдзельнічалі ў масавых беспарадках у перыяд з 9 да 12 жніўня. Мне сказалі, што трэба пісаць заяву ў РАУС па месцы жыхарства. Бабуля сёння мусіла напісаць гэтую заяву. Мы патэлефанавалі яму на працу, там сказалі, што ён не з’яўляўся з чацвярга. У той жа час у гаражы дома стаіць ягоная працоўная машына, дома – ключы ад машыны. Усе гэтыя дні я набіраю яго перыядычна. Сёння мне прыйшла эсэмэска, што нумар зноў дасяжны. Я адразу стала тэлефанаваць, але тэлефон зноў недасяжны. Я не зразумела: ягоны тэлефон, атрымліваецца, уключаўся? Жыве тата каля метро «Уручча». Я сумняюся, што ён мог пайсці ўдзельнічаць у пратэстах. Магчыма, трапіў выпадкова, бо ў нашым раёне таксама былі затрыманні».

Калі нехта бачыў Віталя Бандарэнку ці ведае, дзе ён можа быць, тэлефануйце ягонай дачцэ Кацярыне: +375291361863

У ноч з 13 на 14 жніўня ў Менску знік 25-гадовы Мікалай Сасеў. Апошняй з ім размаўляла ягоная сяброўка Алеся. Звязваліся яны таму, што 12 жніўня знік іхны агульны сябар, каардынатар штабу Бабарыкі Ігар Ярмолаў. Мікалай з Алесяй разам шукалі Ігара. Знайшлі ў ваенным шпіталі. Аказалася, што туды ён трапіў з СІЗА КДБ. Хлопца абвінавачваюць у арганізацыі масавых беспарадкаў, на яго заведзеная крымінальная справа паводле арт. 293 Крымінальнага кодэксу Беларусі.

Мiкалай Сасеў. Фота прадстаўлена рэдакцыі

«Прыкладна а 16-й гадзіне 13 жніўня Коля напісаў мне апошняе паведамленне, што ён будзе старацца з’ехаць з краіны. Я не ведаю дакладнай прычыны, чаму, але цяпер такія падзеі, што ў гэтым няма нічога дзіўнага, – апавядае дзяўчына. – Ён прасіў паведамляць яму навіны пра Ігара. Потым ён выдаліў усе паведамленні. І на наступны дзень таксама перастаў выходзіць на сувязь. Мне вядома, што Коля звязваўся з сябрамі з Масквы і прасіў іх знайсці яму жытло. Гэта было ноччу з 13 на 14 жніўня. Але ў іх ён так і не з’явіўся. 14 жніўня ён яшчэ з’яўляўся ў «Тэлеграме», але ўжо не адказваў. Я не ведаю, магчыма, нехта праглядаў ягоны тэлефон ці яшчэ нешта. Дагэтуль мы нічога пра яго не ведаем. Мы думалі, што ён можа быць таксама, як і Ігар, у СІЗА КДБ, але там нам сказалі, што ў іх яго няма. Але, магчыма, так нам адказалі, бо мы не сваякі. Але ў Мікалая няма мамы, пра бацьку мы нічога не ведаем. Жыў ён асобна. Ні ў якіх спісах мы яго не знайшлі. Я не ведаю, хто нам можа дапамагчы яго шукаць».

Увечары пасля закрыцця выбарчых участкаў, 9 жніўня, у Менску знік 33-гадовы Віктар Купраёнак. Ягоная сястра Анастасія кажа, што мужчына перастаў выходзіць на сувязь каля 20:30.

Вiктар Купраён. Фота прадстаўлена рэдакцыі

«Мы падалі заяву ў міліцыю, і нам сказалі, што тэлефон Віктара апошні раз быў зафіксаваны каля Камароўскага рынку, – распавядае сястра зніклага. – Што ён там рабіў, мы не ведаем. Ён ніколі не хадзіў на мітынгі, пратэсты, быў апалітычным чалавекам. 9 жніўня ў яго быў выходных дзень. Куды ён пайшоў, я не ведаю. Ён жыў звычайным жыццём: праца – дом. Працаваў на аўтамыйні. У яго трое малых дзяцей: малодшаму – шэсць гадоў, старэйшай – дванаццаць. Ён так ніколі не знікаў. Мог застацца ў сяброў на ноч, але папярэджваў. Мы тэлефанавалі ў шпіталі – яго нідзе няма. Магчыма, ён на Акрэсціна, але пра гэта маўчаць. Бо гэта адзінае месца, якое засталося. Гэта нашая апошняя надзея, што ён недзе там. Бо ў Жодзіне ўжо ўсіх адпусцілі. У спісах затрыманых яго нідзе няма. Чалавек проста знік».Вядома, што Віктар быў апрануты ў сінія джынсы, чорную футболку, сінія красоўкі.

Калі вам вядома нешта пра месца знаходжання ці акалічнасці знікнення Віктара, тэлефануйце ягонай сястры Анастасіі: +375293491922

На дадзены момант валанцёры разам з атрадам «Анёл» ездзяць па лякарнях, апазнаюць тых, хто не ў прытомнасці, звяраюць спісы.

ЦІП на Акрэсціна. Менск, Беларусь. 13 жніўня 2020 г.
Фота: Vot-tak.tv / Belsat.eu

З 9 жніўня ў Беларусі праходзяць масавыя акцыі пратэстаў, па ўсей краіне былі затрыманыя больш за 6700 чалавек. Месца перабывання дзясяткаў асобаў не вядомае да гэтага часу.

НА belsat.eu

Стужка навінаў