Скасаваць указ з-пад пяра самога Лукашэнкі? – «Мы нічога не можам для вас зрабіць»


Ужо амаль тры тыдні – без працы і якога-кольвек водгуку з боку ўладаў. Каля двухсот прадпрымальнікаў у Берасці прыйшлі на сход, каб чарговы раз данесці сваю пазіцыю наконт указу нумар 222.

«Спрабуем звярнуцца да мясцовай улады, спрабуем звярнуцца да нашага прэзідэнта і сёння на сходзе прадпрымальнікі вырашылі пайсці да аблвыканкаму і занесці наш зварот туды», – распавядае Алена Кустус, прадпрымальніца з Берасця.

Вуліцамі Берасця дробныя гандляры скіраваліся да абласнога выканаўчага камітэту. На шляху іх спыніла міліцыя, але людзі здолелі трапіць у будынак мясцовых уладаў. Прадпрымальнікаў прыняў намеснік старшыні аблвыканкаму Міхаіл Серкаў.

Паводле вынікаў спаткання, гандлярам паабяцалі стварыць працоўную групу, у якую ўвойдуць прадстаўнікі ўсіх рынкаў гораду. Шматлікія перамовы, аднак, пакуль не прынеслі канкрэтных вынікаў. Бо як скасаваць указ, які выйшаў з-пад пяра самога Лукашэнкі?

«Учора я сустракаўся ў аблвыканкаме, быў ва ўпраўленні прадпрымальніцтва. Як мне патлумачылі: мы нічога зрабіць не можам для вас», – дзеліцца пачутым Андрэй Карняйчук, прадпрымальнік з Берасця.

Не збаўляе актыўнасці і Наваполацк. Там сёння збіралі подпісы супраць указу нумар 222. Самы ж масавы сход адбыўся ў Магілёве. Там прадстаўнікі малога бізнесу патрабавалі ад уладаў прынамсі накласці мараторый на правяранні.

«Няхай даводзяць да Менску, няхай вырашаюць. Бо колькі можна? Мы не маем сродкаў, каб сядзець», – зазначае прадпрымальнік з Магілёву.

Як і іхныя берасцейскія калегі, гандляры Магілёву накіраваліся на спатканне з прадстаўнікамі мясцовых уладаў. І ў адрозенне ад берасцейцаў, выйшлі адтуль цалкам задаволеныя.

«Са словаў губернатара, ён сказаў, што не дасць нас у крыўду. Што за нас будуць змагацца. Гэта яны так сказалі. Таму гэта было прыемна», – прызнаецца дробны бізнесовец.

«Мы вельмі радыя, што нас пачулі, выслухалі нашыя праблемы. Мы ўсёткі жывем у цывілізаванай краіне і, я думаю, улады ўсё ж пойдуць на перамовы», – падсумоўвае іншая прадпрымальніца з Магілёву.

Пакуль жа на самым вышэйшым узроўні гаворкі пра скасаванне указу – ці хаця б палёгкі – не вядзецца.

Вялікая частка ІП ускладае надзею на Форум прадпрымальнікаў, які мае адбыцца ў панядзелак. Як паведаміў старшыня «Перспектывы» Анатоль Шумчанка, месца для яго правядзення знайшлося ў Доме культуры МАЗу.  Цяпер абʼяднанне збірае грошы на арэнду залы.

Вольга Жарнасек, «Белсат»

Стужка навінаў