Скарыцеся! Імітацыя тут не праходзіць

Крэмль доўга і сумна патрабуе зменаў у беларускай Канстытуцыі, чамусьці называючы гэта рэформай беларускай улады. У апошні раз з сумным тварам казаў пра гэта міністр замежных справаў Сяргей Лаўроў, які прывёз прывітанне ад усё яшчэ жывога Уладзіміра Пуціна, якога ў беларускім Палацы Незалежнасці з радасцю пахавалі б пры першай магчымасці – калі б ад іх залежала.

Але пахаванне Пуціна не ад іх залежыць.

Сустрэча Аляксандра Лукашэнкі і Уладзіміра Пуціна. Скрын відэа

А вось змены ў Канстытуцыю Рэспублікі Беларусь залежаць ад іх. Не ва ўсім – але шмат у чым. Якія хочуць, такія і намалююць. «Што нам варта хату пабудаваць? – спявалася ў старой савецкай песні. – Намалюем – будзем жыць!»

Нарэшце, стала зразумела, што менавіта будуць маляваць. Вечнага Лукашэнку.

7 снежня ён сказаў публічна, як ён разумее дэмакратыю: «Усе настойваюць на тым, што трэба пераразмеркаванне паўнамоцтваў. Я заўсёды дадаваў: паўнамоцтвы мы пераразмяркуем, дадамо каму мала, але і адказнасць пяройдзе на тых, хто атрымае гэтыя дадатковыя паўнамоцтвы. У дадзеным выпадку вось самая дэмакратычная схема, ва ўсіх дэмакратычных дзяржавах менавіта так: урад унёс, парламент узгадніў – калі гэта закон, кіраўнік дзяржавы яго падпісвае або адхіляе, калі парушаюцца прынцыпы, якія ўстаноўленыя Усебеларускім народным сходам. На чарговыя пяць гадоў асноўныя прынцыпы функцыянавання нашай дзяржавы будуць устаноўленыя гэтым з’ездам народа. Абсалютна празрыстая, прыгожая, дэмакратычная схема».

Сапраўды – абсалютна празрыстая і прыгожая схема. Так, дэмакратыяй не пахне: прызначаны прэзідэнтам урад уносіць законапраект, парламент, сфармаваны пад кантролем прэзідэнта, узгадняе (не прымае, а ўзгадняе!), кіраўнік дзяржавы падпісвае або адхіляе. Крытэрыем для адхілення зʼяўляюцца прынцыпы, устаноўленыя Усебеларускім народным сходам, які сфармаваны аргкамітэтам на чале з кіраўніком ураду, які прызначаны прэзідэнтам, узгоднены з кантраляваным прэзідэнтам парламентам, у адпаведнасці з указам прэзідэнта. Дом, які пабудаваў Джэк.

Праблема ў легітымацыі

Легітымізуе як раз Усебеларускі народны сход – орган, які не прапісаны ў Канстытуцыі, але чамусьці задае сістэму каардынатаў усёй астатняй дзяржаўнай улады. Нічога не нагадвае?

Нагадвае. Не, не з’езды КПСС. Там кіруючая роля партыі была запісаная як раз у Канстытуцыі. І партыя была партыяй – з калектыўнымі органамі кіравання (якія ўжо былі) і Статутам, па якім партыя і жыла. А тут – партыі і калектыўнага кіравання ёю няма. І Статуту няма. Таму гэта ніякія не зʼезды, а зладзейскай схадняк, які збіраецца па паняццях.

Каб яго легітымізаваць, яго трэба ўнесці ў Канстытуцыю і прапісаць там яго паўнамоцтвы. А Канстытуцыю можна адрэдагаваць толькі на рэферэндуме. Усё астатняе – пасля 1996 года – цалкам нелегітымнае.

І тут незадачка выйшла. Змяніць Канстытуцыю пад вышэйзгаданы схадняк хочацца, але немагчыма. Не пралазіць схадняк у дзверы дзяржаўнага будынку. Застаецца ўсунуць яго праз вакно. Гэта значыць, Усебеларускі схадняк рэкамендуе да прыняцця змяненне Канстытуцыі і ўласную легітымацыю праз… праз – што?

Не атрымліваецца праз рэферэндум. Галоўны станоўчы вынік шматмесячных хаджэнняў па вуліцах і плошчах тысячаў пратэстоўцаў, публікацыі шматлікіх уцечак і стварэнне баз дадзеных «карнікаў» у інтэрнэце – гэта як раз немагчымасць новых масавых фальсіфікацыяў.

Нават спадарыня Качанава, якая разыгрывае ролю Вернай да Канца, павінна разумець: любая спроба паўтарыць «подзвіг 9 жніўня» у новых умовах невыканальная. Як сказала яна некалі ў Баранавічах – скарыцеся! – толькі цяпер гэты заклік звернуты да яе самой. Скарыцеся! Канстытуцыйная рэформа павінна быць прызнаная і ўнутры краіны, і за яе межамі. І не з-пад палкі. Імітацыя тут не праходзіць. Не працягваецца ваш схадняк у фортку.

Што застаецца?

Тэарэтычна – перамовы ўсё яшчэ магчымыя. Практычна – патрабаванні апазіцыі вядомыя. Выканаць іх можна і без перамоваў. Скарыцеся.

Можна назваць Міжнародны алімпійскі камітэт «Бах і яго банда». Пуціна і яго асяроддзе бандай вы не назавяце. Кішка тонкая. А ён – чакае.

Скарыцеся. А то можа здарыцца, што схадняком вас саміх садзьме – калі яго сфармуе не Галоўчанка, а Суркоў або Бабіч.

Рэдакцыя можа не падзяляць меркавання аўтара.

Стужка навінаў